*§ 11-0. Юрыдычныя навукі і прафесіі
Суддзя. Суддзя — гэта асоба, назначаная (абраная) ва ўстаноўленым парадку і надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні правасуддзя. Асноўнае прызначэнне суддзяў — вырашаць спрэчкі, што ўзнікаюць паміж суб’ектамі ў розных сферах публічнага і прыватнага жыцця. Дзейнасць суддзяў накіравана на абарону асабістых, сацыяльна-эканамічных і палітычных правоў грамадзян, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, правоў арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Да кандыдатаў на пасаду суддзі прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, якія ўключаюць як высокі ўзровень ведання права, так і наяўнасць жыццёвага вопыту. Суддзямі агульных судоў могуць стаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 25-гадовага ўзросту, валодаюць беларускай і рускай мовамі, маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю з прысваеннем кваліфікацыі, стаж працы па спецыяльнасці не меншы за тры гады, не здзейснілі ўчынкаў, што іх ганьбяць. Акрамя таго, кандыдат на пасаду суддзі павінен паспяхова здаць кваліфікацыйны экзамен.
Больш строгія патрабаванні прад’яўляюцца да суддзяў Канстытуцыйнага Суда, асноўным паўнамоцтвам якога з’яўляецца праверка актаў на адпаведнасць іх Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і вышэйшым актам. Накіраванасць дзейнасці Канстытуцыйнага Суда патрабуе наяўнасці ў суддзяў высокай кваліфікацыі ў галіне права.
Для эфектыўнай дзейнасці суддзяў важнай умовай з’яўляецца іх незалежнасць і падпарадкаванне толькі закону. Заканадаўствам забараняецца аказваць які-небудзь ціск на суддзяў, прымушаць іх да прыняцця пэўнага рашэння па справе. Суддзі валодаюць недатыкальнасцю, якая распаўсюджваецца на іх жыллё, службовае памяшканне, транспарт і сродкі сувязі, карэспандэнцыю, маёмасць і дакументы, што імі выкарыстоўваюцца.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь закліканы абараняць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, забяспечваць верхавенства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднае дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасць нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, зацвярджэнне законнасці ў норматворчасці і правапрымяненні, вырашэнне іншых пытанняў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дадзеным Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Суды агульнай юрысдыкцыі ў Рэспубліцы Беларусь закліканы абараняць гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства асабістыя правы і свабоды, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя правы грамадзян, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя і грамадскія інтарэсы, правы арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама забяспечваць правільнае прымяненне заканадаўства пры ажыццяўленні правасуддзя, садзейнічаць умацаванню законнасці і папярэджанню правапарушэнняў.