*§ 9-1. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь
Інфармацыйная бяспека і яе значэнне. Сучаснае развіццё тэхналогій дазваляе рашаць многія задачы і аказваць уплыў на працэсы, якія адбываюцца, і без фактару фізічнага перамяшчэння асоб. Як адзначана ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь 2019 г., «на сучасным этапе сусветнага развіцця інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для чалавека, грамадства, дзяржавы і аказвае ўсёабдымны ўплыў на эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў краінах і рэгіёнах», «разам з тым трансфармацыя соцыуму ў інфармацыйнае грамадства спараджае новыя рызыкі, выклікі і пагрозы, якія напрамую закранаюць пытанні гарантавання нацыянальнай бяспекі, інфармацыйнай інфраструктуры, інфармацыйных сістэм і рэсурсаў».
У чым перавага і рызыка глабальнай інфармацыйнай прасторы?
Інфармацыйная бяспека з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай бяспекі.
Інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь — неад’емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, здзяйсняць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, гарантаваць інфармацыйную бяспеку.
Тры законы рабатэхнікі пісьменніка-фантаста А. Азімава (1942) трывала ўвайшлі ў наша жыццё і сапраўды сталі беспамылковымі прынцыпамі тэхнічнай эвалюцыі.
Юрысты (напрыклад, Ф. Паскуале) прапануюць іх дапоўніць, развіўшы асновы ўзаемадзеяння «чалавек — лічбавыя тэхналогіі і тэхналогіі штучнага інтэлекту». У цяперашні час ЮНЕСКА актыўна распрацоўвае правілы этыкету штучнага інтэлекту.
3 законы рабатэхнікі
Закон 1
Робат не можа нанесці шкоду чалавеку ці сваёй бяздзейнасцю дапусціць, каб чалавеку была нанесена шкода.
Закон 2
Робат павінен падпарадкоўвацца ўсім загадам, якія дае чалавек, акрамя тых выпадкаў, калі гэтыя загады супярэчаць першаму закону.
Закон 3
Робат павінен клапаціцца пра сваю бяспеку ў той ступені, у якой гэта не супярэчыць першаму і другому законам.