*§ 9-1. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь

Геапалітычны статус Беларусі. Геапалітычнае становішча Беларусі асаблівае.

icon-search

Вызначце, у якім беларускім горадзе знаходзіцца навукова ўстаноўлены геаграфічны цэнтр Еўропы.

Выкарыстайце памятку па рабоце з фотаздымкам помніка ці мемарыяла. 

Беларусь мяжуе з пяццю краінамі і знаходзіцца на перакрыжаванні двух міжнародных транспартных калідораў, што з’яўляецца даволі рэдкім спалучэннем для сярэдняй еўрапейскай дзяржавы. Памежная тэрыторыя Беларусі ўключае 58 са 118 раёнаў, або 49 % ад іх агульнай колькасці, а таксама 4 абласныя цэнтры. Яе плошча складае амаль 180 тыс. км2, або 87 % ад агульнай плошчы краіны (207,6 тыс. км2). Дадзены фактар павышае ролю сістэмы гарантавання пагранічнай бяспекі.

icon-remember
Успомніце асноўныя палажэнні цывілізацыйнай канцэпцыі С. Хантынгтана. Як вы лічыце, геапалітычнае становішча Беларусі ў адпаведнасці з дадзенай канцэпцыяй з’яўляецца перавагай ці недахопам? 

Наша краіна знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы і адначасова на стыку гандлёва-эканамічных, транспартна-лагістычных, культурна-цывілізацыйных, ваенна-стратэгічных траекторый развіцця. Гэта дае перавагі краіне, у тым ліку ў пытаннях транзіту. Так, праз Беларусь пралягае самы кароткі транспартны шлях паміж дзяржавамі СНД і краінамі Еўропы. Нягледзячы на адсутнасць выхаду да мора і абмежаванасць пераліку карысных выкапняў, Беларусі ўдаецца выкарыстоўваць свае перавагі для ўмацавання становішча ў сістэме светагаспадарчых сувязей. Беларусь з’яўляецца экспартна арыентаванай дзяржавай з добра развітым вытворчым сектарам і сельскай гаспадаркай. 61 % вырабленай прадукцыі экспартуецца.

icon-discussions
Дакажыце ці аспрэчце наступнае сцвярджэнне: «Беларусь, нягледзячы на адсутнасць выхаду да мора, займае выгаднае геапалітычнае становішча».