§ 9. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь
Геапалітычны статус Беларусі. Рэспубліка Беларусь — дзяржава ў цэнтры Еўропы. Мяжуе на паўночным захадзе з Літвой, на поўначы — з Латвіяй і Расійскай Федэрацыяй, на паўночным усходзе і ўсходзе — з Расійскай Федэрацыяй, на поўдні — з Украінай, на захадзе — з Польшчай. Працягласць тэрыторыі краіны з поўначы на поўдзень — 560 кіламетраў, з захаду на ўсход — 650 кіламетраў. Плошча — 207,6 тыс. квадратных кіламетраў.
Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і гэта становішча мае вялікае значэнне не толькі для яе самой, але і для іншых краін. Адзін з найбольш істотных бакоў такога становішча — транзітнасць. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць транспартна-камунікацыйныя калідоры, якія забяспечваюць міжнародныя сувязі Беларусі з краінамі Балтыі, Польшчай, Украінай, Расіяй. У той жа час яны звязваюць Расію з краінамі Усходняй і Заходняй Еўропы, Украіну і Малдову — з Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, паўночным захадам Расіі.
Праз Беларусь пракладзены ўчастак транскантынентальнай чыгуначнай магістралі, якая перасякае ўсю Еўразію ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Беларусь з’яўляецца таксама краінай, праз якую здзяйсняецца больш за 50 % паставак энерганосьбітаў па магістальных нафта- і газаправодах з Расіі ў Заходнюю Еўропу. Такое становішча з’яўляецца важным геастратэгічным рэсурсам Беларусі, але разам з тым садзейнічае абвастрэнню ў краіне праблемы нелегальнай міграцыі з афрыканскіх і азіяцкіх краін.
Яшчэ адной асаблівасцю геаграфічнага становішча Беларусі з’яўляецца адсутнасць выхаду да мора, у сувязі з чым узнікае неабходнасць супрацоўніцтва з краінамі Балтыйскага рэгіёна, Расіяй і Украінай з мэтай выкарыстання іх марскіх партоў.
Геапалітычнае становішча вызначае месца дзяржавы ў сістэме міжнародных адносін, уключаючы не толькі становішча ў геаграфічнай прасторы, але і функцыянальную ролю ў сістэме дзяржаў. З гэтых пазіцый сёння Беларусі належыць роля не толькі «моста» паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем Еўропы, але таксама «моста» паміж Еўропай і Азіяй.