§ 7. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI стагоддзя
Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь. У 2017 г. была прынята Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 г. (НСУР-2030), заснаваны пост Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, створаны Савет па ўстойлівым развіцці на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і кіраўніцтва рэгіёнаў краіны.
Нацыянальная стратэгія ўключае ў сябе задачы ўстойлівага развіцця ў сферах эканомікі і экалогіі, інвестыцый і інавацый, а таксама задачы ўмацавання здароўя нацыі і дасягнення высокай якасці жыцця (за кошт развіцця патэнцыялу кожнага чалавека), стварэння працоўных месцаў, якія забяспечваюць стабільную занятасць і высокія даходы на аснове лічбавізацыі эканомікі, заахвочвання да адукацыі на працягу ўсяго жыцця, паўсюднага ўкаранення зялёных тэхналогій пры захаванні прыроды і экалагічна бяспечнага асяроддзя пражывання для сучасных і будучых пакаленняў.
Як моладзь удзельнічае ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі?
Маладзёжны пасол МУР — гэта прадстаўнік са студэнцкага асяроддзя, які абіраецца для прасоўвання Мэт устойлівага развіцця і кіруецца слоганам «Ва ўстойлівую будучыню разам». Маладзёжныя паслы папулярызуюць Мэты ўстойлівага развіцця сярод моладзі, інфармуюць яе пра механізмы дасягнення паказчыкаў устойлівага развіцця на лакальным і нацыянальным узроўнях, дапамагаюць набываць маладым людзям веды і прафесійныя кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, асвойваць ідэі і прынцыпы ўстойлівага развіцця.
Дасягненне МУР з’яўляецца амбіцыйнай задачай, якую краіны не здольны адужаць самі, мабілізуючы толькі ўнутраныя рэсурсы. Дзяржавы, міжурадавыя і няўрадавыя арганізацыі, усё сусветнае супольніцтва ў цэлым і кожны грамадзянін паасобку могуць і павінны ўносіць уклад у забеспячэнне ўстойлівага развіцця. Супрацоўніцтва на міжнародным узроўні ў дадзеным выпадку адыгрывае важную ролю. Сёння наша краіна імкнецца да таго, каб пашыраць кантакты ў сусветным супольніцтве, пераймаць перадавы вопыт, які будзе працаваць на карысць грамадства і краіны. Нам яшчэ шмат чаго трэба зрабіць для таго, каб забяспечыць устойлівае развіццё краіны.