*§ 6-1. Сусветнае супольніцтва ў XXI стагоддзі

Міграцыйная мабільнасць і яе наступствы. У шырокім сэнсе тэрмін «міграцыя» можа ахопліваць як міжнародную, так і ўнутраную мабільнасць людзей, кароткачасовае ці пажыццёвае перамяшчэнне, а таксама падарожжы як у адзін бок, так і цыркулярныя. Ён можа ахопліваць шырокі дыяпазон перамяшчэнняў ад беспраблемнага перасялення сям’і да прымусовага перамяшчэння, якое траўміруе, у выніку гвалту падчас вайны, спроб этнічнай чысткі ці распаду дзяржавы. У вузкім сэнсе гэта так званая сталая, або сапраўдная, міграцыя — змена асобамі пастаяннага месца жыхарства.

Пад тэрытарыяльнай мабільнасцю (як від сацыяльнай мабільнасці) маюць на ўвазе пастаянную ці часовую працоўную міграцыю, інакш кажучы, рух людзей у геаграфічнай прасторы са зменай пастаяннага месца жыхарства ці без яго змены з мэтай працоўных працэсаў пры ўмове перасячэння дзяржаўных або адміністрацыйных межаў.

Існуе велізарны спектр міграцый, якія з’яўляюцца разнавіднасцямі тэрытарыяльнай мабільнасці. Напрыклад, транзітная міграцыя, г. зн. перасячэнне мноства дзяржаўных і адміністрацыйных межаў асобамі з мэтай як адпачынку або працы, так і сумяшчэння дадзеных працэсаў. Гэта становіцца ладам жыцця, «новым качэўніцтвам», самай мабільнай разнавіднасцю чалавечай дзейнасці.

Той, хто не рухаецца ў сацыяльнай і геаграфічнай прасторы, асуджаны на дэградацыю?

icon-persona
Кніга вядомага брытанскага сацыёлага Джона Уры «Мабільнасці» (2007) разглядае рух як асноўны прадмет сацыялагічнай навукі. Вучоны ўвёў паняцце «міграцыйная мабільнасць», што азначае перамяшчэнне індывідаў і сацыяльных груп у працэсе змены імі месца жыхарства. Часам пры гэтым гавораць пра пераход індывідаў і сацыяльных груп з адных сацыяльных пластоў у другія ў выніку змены імі месца жыхарства. 

На думку Уры, сучасны свет знаходзіцца ў пастаянным перамяшчэнні — або ў фізічнай прасторы, або ў прасторы віртуальнай, звязанай з IT-тэхналогіямі. Мабільнасць ператвараецца ў пункт адліку, у нейкую сістэму вымярэння сацыяльных працэсаў. Вучоны лічыць, што трэба не аналізаваць сацыяльную мабільнасць наогул, а падзяляць яе на мноства разнавіднасцей, якія разам і надаюць грамадству новую якасць. Ён вылучае наступныя віды мабільнасці: рэальная, уяўная, віртуальная, турыстычная, мабільнасці для падтрымання сваіх дыяспар і пазбягання рызыкі, аўтамабілізаваная мабільнасць.

Уры лічыць, што мабільнасць у большай ступені гарызантальная, чым вертыкальная. У сваёй мабільнай сацыялогіі Уры пераглядае такія сацыяльныя катэгорыі, як клас, сям’я, гендар і інш. Плыні людзей вызначаюцца іх рознымі імкненнямі знайсці працу, жыллё, забавы, рэлігію, сям’ю па-за межамі нацыянальнай дзяржавы. Пры гэтым яны перамяшчаюць не толькі сябе, але і матэрыяльныя аб’екты — сімвалы, у тым ліку інфармацыю.

У руху

Часам здаецца, што ўвесь свет рухаецца. Маладыя пенсіянеры, міжнародныя студэнты, тэрарысты, члены розных дыяспар, адпускнікі, бізнесмены, рабы, зоркі спорту, бежанцы і прэтэндэнты на статус бежанца, турысты, жыхары прыгарадаў, маладыя мабільныя прафесіяналы, прастытуткі — і яшчэ многія іншыя — усе лічаць, што свет у іх руках, або, па меншай меры, каля іх ног.

Зямны шар перасякаюць маршруты гэтых шматлікіх груп, члены якіх пастаянна сутыкаюцца адзін з адным у транспартных вузлах і вузлах сувязі, дзе яны гойсаюць па рэальных ці электронных базах даных у пошуках наступнага аўтобуса, ліста, самалёта, СМС, ліфта, парома, цягніка, таксі, вэб-сайта, бясплатнага доступу ў інтэрнэт і да т. п.

…Усе матэрыяльныя каштоўнасці таксама знаходзяцца ў руху і часта пераносяцца гэтымі ж людзьмі — адкрыта, скрыта ці нават без усведамлення таго. Шматнацыянальныя перамяшчэнні розных кампанентаў для вырабленых прадуктаў уключаюцца ў пастаўку «дакладна-ў-тэрмін» па ўсім свеце. «Касмапалітызацыя» смаку азначае, што спажыўцы на Поўначы чакаюць, што свежыя прадукты з усяго свету прыбудуць да іх «па паветры», у той жа час спажыўцы на Поўдні часта знаходзяць спосабы падключыцца да таварапатоку, які ідзе з Поўначы, — з дапамогай дробнааптовых неафіцыйных пастаўшчыкоў, якія перавозяць усё пад выглядам падарункаў або проста кантрабандай. У цэлым існуюць гіганцкія плыні нелегальных, хаця і каштоўных тавараў, наркотыкаў, зброі, цыгарэт, алкаголю і кантрафактнага ці пірацкага кантэнту. У масмедыя таксама ёсць свае матэрыяльныя праявы ў выглядзе відэакасет, DVD, радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, кінакамер і мабільных тэлефонаў, якія перадаюцца з рук у рукі праз любыя межы (Spitulnik 2002).

…Пытанні руху — для адных яго занадта мала, а для другіх зашмат, для трэціх яно няправільнае ці адбываецца не ў той час — здаюцца ключавымі для жыцця вялікай колькасці людзей і для функцыянавання мноства дробных і буйных, прыватных і няўрадавых арганізацый. Ад атыпічнай пнеўманіі да авіякатастроф, ад спрэчак пра пашырэнне аэрапортаў да рассылак СМС, ад гандлю рабамі да глабальнага тэрарызму, ад атлусцення, выкліканага «транспарціроўкай дзіцяці ў школу і назад», да нафтавых войнаў на Блізкім Усходзе, — усё гэта праявы таго, што я называю «мабільнасцю», — цэнтральныя пытанні мноства дыскусій у свеце палітыкі і навукі…

Уры вылучае наступныя рэчышчы мабільнасці (каналы перамяшчэння людзей, рэсурсаў, інфармацыі, вобразаў, сімвалаў і інш.):

  • • сістэмы марскога, чыгуначнага, аўтамабільнага і авіяцыйнага транспарту;
  • • сістэмы грузаперавозак, у тым ліку паштовая сістэма;
  • • тэлефонная, тэлевізійная і камп’ютарная сістэмы, якія перадаюць інфармацыю і трансліруюць вобразы;
  • • наземныя і каляземныя радыёхвалевыя рэчышчы перадачы інфармацыі, выяў і гукаў;
  • • спадарожнікавыя ці пазаземныя радыёхвалевыя і іншыя рэчышчы перадачы сімвалаў.

Уры лічыў, што доступ да рэчышчаў мабільнасці ўплывае на ўзровень сацыяльнай няроўнасці ў грамадстве. У месцах, аддаленых ад асноўных рэчышчаў і вузлоў, знаходзіцца даволі шмат людзей, якія не ўсталявалі з дадзенымі рэчышчамі і вузламі ніякай сувязі. Гэта спараджае новы від няроўнасці паміж людзьмі, якія карыстаюцца рознымі плынямі. Такім чынам, удзел інвалідаў у працэсе перамяшчэння ўказвае на іх статус у дадзеным грамадстве, а адсутнасць уцягнутасці ў мабільнасць становіцца паказчыкам сацыяльнай выключанасці.

Большая, чым калі-небудзь, колькасць людзей жыве не ў тых краінах, у якіх яны нарадзіліся?

Апошнія гады ў свеце адбываліся маштабныя падзеі ў галіне міграцыі і перамяшчэння, якія спарадзілі велізарныя страты і пакуты, а таксама гібель людзей. Гэта былі ў першую чаргу перамяшчэнні мільёнаў людзей у выніку канфліктаў (у прыватнасці, у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы, Емене, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Паўднёвым Судане).

Па азначэнні Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, мігрантам з’яўляецца любая асоба, якая перамяшчаецца ці ўжо перамясцілася праз міжнародную мяжу ці ўнутры дзяржавы і пакінула месца свайго звычайнага жыхарства, незалежна ад:

  • • юрыдычнага статусу асобы;
  • • добраахвотнага ці нядобраахвотнага характару перамяшчэння;
  • • прычын перамяшчэння;
  • • працягласці знаходжання.
icon-discussions
Колькасць міжнародных мігрантаў у свеце з 2019 г.: 272 млн чалавек (3,5 % насельніцтва свету). Параўнайце колькасць міжнародных мігрантаў з насельніцтвам краін свету — з якімі з іх супастаўныя названыя лічбы мігрантаў? 

У 2018 г. у свеце налічвалася 25,9 млн бежанцаў, 52 % усіх бежанцаў у свеце былі маладзейшыя за 18 гадоў. Колькасць унутрана перамешчаных асоб у выніку гвалту і канфлікту дасягнула 41,3 млн чалавек. Гэта была самая вялікая зарэгістраваная колькасць такіх асоб з моманту назіранняў, якія праводзіць Цэнтр маніторынгу ўнутраных перамяшчэнняў з 1998 г. Найбольшая колькасць перамешчаных асоб знаходзілася ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы (6,1 млн) (з Даклада Міжнароднай арганізацыі па міграцыі «Аб міграцыі ў свеце», 2020 г.).

Абнавіце інфармацыю аб міграцыі, якая ўтрымліваецца ў інфаграфіцы і тэксце. Якія тэндэнцыі адышлі на другі план, а якія — узмацніліся? Чым гэта можна растлумачыць?

icon-discussions
Чаму бежанцаў вылучаюць у асаблівую катэгорыю мігрантаў? Якія катэгорыі міжнародных мігрантаў можна аднесці да найбольш уразлівых груп? 

Згодна з наяўнымі ацэнкамі, колькасць міжнародных мігрантаў дасягае прыкладна 272 млн чалавек ва ўсім свеце, амаль дзве трэці з якіх з’яўляюцца працоўнымі мігрантамі. Пры гэтым агульнапрызнана, што маштабы і тэмпы міжнароднай міграцыі асабліва складана прадказаць з дакладнасцю, бо яны цесна звязаны як з падзеямі, якія абвастраюць абстаноўку (напрыклад, эканамічным крызісам ці канфліктам), так і з доўгатэрміновымі тэндэнцыямі (дэмаграфічнымі зменамі, эканамічным развіццём, дасягненнямі ў галіне камунікацыйных тэхналогій і доступам да сродкаў перамяшчэння і інш.).

У 2021 г. ПРААН выпусціла новы даклад «Чалавечая мабільнасць, агульныя магчымасці». Многія краіны, у тым ліку Беларусь, ужо выслалі свае першыя справаздачы аб прагрэсе выканання Глабальнага дагавора аб міграцыі.

Мноства перасяленцаў (мігрантаў) вымушаны перамяшчацца па свеце ў пошуках працы і лепшага жыцця. Асядаючы ў багатых краіных, яны асімілююцца ці прытрымліваюцца сваіх культурных традыцый.

Для апісання грамадстваў, сфарміраваных з прадстаўнікоў мноства культур, існуюць дзве асноўныя мадэлі: плавільны кацёл і салатніца.

Першая з іх, melting pot (плавільны кацёл), у асноўным выкарыстоўваецца для апісання фарміравання амерыканскага грамадства. У працэсе інтэграцыі культурныя асаблівасці нівеліруюцца, «плавяцца», знітоўваючыся адна з адной. Так атрымліваецца агульная для ўсіх культура. «Плавільны кацёл» — гэта асіміляцыя і адмаўленне ад нацыянальных асаблівасцей.

Другая канцэпцыя — salad bowl (салатніца). Метафара апісвае, як мультыкульнае грамадства інтэгруе розныя культуры, захоўваючы іх індывідуальнасць. У дадзенай канцэпцыі культурныя асаблівасці, як у місцы салаты, звязаны разам, але не ў гамагеннае грамадства. Кожная культура захоўвае свае асаблівасці. Згодна з гэтай ідэяй, прадстаўнікі розных культур могуць утвараць адзінае цэлае, нягледзячы на адметнасці. У такім грамадстве кожная культура ўнікальная і аўтэнтычная. «Звяном, якое звязвае ўсіх членаў грамадства, своеасаблівым салатным соусам, з’яўляюцца прававыя нормы і працэс сацыяльна-эканамічнага ўзаемадзеяння». У Канадзе канцэпцыя «салатніцы» больш вядомая пад назвай «культурная мазаіка».