§ 6. Сусветнае супольніцтва ў XXI стагоддзі
Міграцыйная мабільнасць і яе наступствы. Людзі перамяшчаюцца з месца на месца з даўніх часоў. Калі адны пераязджаюць у пошуках лепшай работы, адукацыі, эканамічных даброт ці для ўз’яднання з сям’ёй, другія вымушаны ўцякаць ад канфліктаў, тэрарызму ці з прычыны пераследу з-за сваёй расы, веравызнання, грамадзянства і інш. Расце колькасць тых, хто змяняе месца жыхарства ў выніку змены клімату, стыхійных бедстваў ці іншых фактараў экалагічнага характару. У сучасным свеце мы назіраем перамяшчэнне людзей у беспрэцэдэнтных маштабах. Міграцыйная мабільнасць — перамяшчэнне індывідаў і сацыяльных груп у працэсе змены імі месца жыхарства.
Згодна з азначэннем Міжнароднай арганізацыі па міграцыі мігрантам з’яўляецца любая асоба, якая перамяшчаецца або ўжо перамясцілася цераз міжнародную мяжу ці ўнутры краіны і пакінула месца свайго звычайнага жыхарства незалежна ад:
- • юрыдычнага статусу асобы;
- • добраахвотнага ці нядобраахвотнага характару перамяшчэння;
- • прычын перамяшчэння.
У залежнасці ад тэрміну міграцыя можа быць часовая і сталая. Па характары волевыяўлення міграцыя можа быць вымушаная і добраахвотная. Вымушанай называюць, напрыклад, перасяленне з гарачых кропак ці раёна стыхійнага бедства. Часта за такім перамяшчэннем ідзе вяртанне на радзіму — рэпатрыяцыя.
Зыходзячы з мэты міграцыя можа быць працоўная, камерцыйная (у сувязі з вядзеннем бізнесу), адукацыйная, рэлігійная (паломніцтва), у сувязі з утварэннем ці ўз’яднаннем сям’і, у сувязі з вядзеннем традыцыйнай гаспадаркі (качэўніцтва) і да т. п. Працоўных мігрантаў, якія выехалі на працу за мяжу, часта называюць «гастарбайтарамі» — ад нямецкіх слоў «госць» і «работнік».
Па крытэрыі законнасці міграцыя можа быць легальная і нелегальная. Нелегальная міграцыя звязана не толькі з асаблівымі цяжкасцямі для чалавека ў пошуках жылля, працы, усталявання сталых сацыяльных кантактаў, але і з адказнасцю за незаконнае перасячэнне мяжы і/ці парушэнне правілаў знаходжання ў краіне іміграцыі. На міжнародным і нацыянальным узроўні звяртаюць асаблівую ўвагу на нелегальную міграцыю ўразлівых катэгорый — жанчын, дзяцей, якая часта адбываецца падманным шляхам або гвалтоўна з мэтай гандлю, прымусу да працы, прастытуцыі, і узмацняюць барацьбу з такой негатыўнай з’явай, як «трафік мігрантаў». Барацьба з гандлем людзьмі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Беларусі на міжнароднай арэне.
Беспрацоўе, галеча, ваенныя канфлікты вымушаюць людзей пакідаць свае краіны і перасяляцца ў больш стабільныя дзяржавы, часам рызыкуючы ўласным жыццём. Нізкі ўзровень адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі большасці імігрантаў не дазваляе ім атрымаць працу ў высокатэхнічных сферах, садзейнічае распаўсюджванню сярод іх радыкальных поглядаў. Паміж жыхарамі развітых краін і тымі, хто прыбыў, назіраецца адрозненне ў менталітэце, звычаях, узнікаюць канфлікты.
У горадзе Таронта (Канада) усталяваны манумент скульптара Францыска Пірэлі. Ён прысвечаны ідэям і палітыцы мультыкультуралізму, якая прадугледжвае захаванне і развіццё этнічных і культурных адметнасцей, паралельнае існаванне культур розных народаў у грамадстве.
Сёння ў многіх краінах адзначаецца пад’ём расізму, ксенафобіі і антыімігранцкіх настрояў. Мігранты часта становяцца мішэнню для расісцкіх ці ксенафобных палітыкаў, якія абвінавачваюць іх у сацыяльных і эканамічных праблемах сваіх супольніцтваў. «Мігрантафобія» стала сур’ёзнай праблемай, якая перашкаджае інтэграцыі і ўзаемаразуменню і прыводзіць да адчужэння і гвалту ў адносінах да мігрантаў у многіх краінах.