Печатать книгуПечатать книгу

§ 6. Сусветнае супольніцтва ў XXI стагоддзі

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 6. Сусветнае супольніцтва ў XXI стагоддзі
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:53

Фактары разнастайнасці сучаснага свету. Разнастайнасць сучаснага свету заключаецца ў тым, што на нашай планеце ў 2021 г. пражываюць 7,7 мільярда чалавек, якія належаць да розных расавых, моўных і этнічных груп, вызнаюць розныя рэлігіі ці прытрымліваюцца атэістычных поглядаў, вучацца і працуюць у розных краінах свету, з’яўляюцца грамадзянамі розных дзяржаў і па-рознаму ідэнтыфікуюць сваю цывілізацыйную прыналежнасць. Сёння паспяховае развіццё любога грамадства залежыць ад яго здольнасці падтрымліваць баланс паміж захаваннем уласнай культурнай самабытнасці і далучэннем да дасягненняў сусветнай цывілізацыі.

Чалавецтву жыццёва неабходна культурная разнастайнасць?

icon-discussions
Як вы лічыце, што азначае рэкламны слоган турыстычнага агенцтва «Адкрый для сябе Беларусь!»? Чым можна растлумачыць нарастанне інтарэсу да нацыянальных культур і традыцый у сучасным свеце? 

У разнастайным свеце важна разумець, якім чынам існуючыя ў розных краінах рэлігійныя, культурныя, сямейныя каштоўнасці трансфармуюцца ў палітычныя і эканамічныя мэты. Часткі свету — рэгіёны, краіны — акрамя геаграфічнага становішча і прыродна-кліматычных умоў, культуры, рэлігіі і традыцый, адрозніваюцца палітычным ладам, узроўнем навукова-тэхнічнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця.

icon-task
Прывядзіце прыклады 6 краін з розных кантынентаў для пацвярджэння дзеяння фактараў разнастайнасці сучаснага свету. 

Палітычныя і сацыяльна-эканамічныя сістэмы ў сучасным свеце. Палітычная карта таксама адлюстроўвае разнастайнасць сучаснага свету, бо ўсе краіны адрозніваюцца па наступных паказчыках:

  • • геаграфічнае становішча;
  • • велічыня тэрыторыі;
  • • колькасць насельніцтва;
  • • сацыяльны і нацыянальны склад насельніцтва;
  • • форма дзяржавы.

У сучасным свеце суіснуюць розныя эканамічныя сістэмы: ёсць краіны, якія вылучаюцца высокім узроўнем развіцця эканомікі і даходы іх грамадзян стабільна высокія, а ёсць краіны з неэфектыўнымі эканомікамі і нізкім узроўнем жыцця насельніцтва.

Большую частку краін сучаснага свету складаюць краіны, што развіваюцца, сярод якіх шмат такіх, што раней былі калоніямі эканамічна развітых еўрапейскіх дзяржаў. Для іх уласцівыя такія рысы, як шматукладная эканоміка, высокія тэмпы росту насельніцтва, пераважна сыравінная спецыялізацыя ў міжнародным падзеле працы і моцная залежнасць ад замежнага капіталу. Праблема галечы ў сучасным свеце ў той ці іншай ступені датычыцца ўсіх краін.

Для аналізу эканамічнага становішча краін выкарыстоўваюць шэраг важных крытэрыяў, якія характарызуюць дынаміку і стан сусветнай эканомікі. Узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця — найбольш распаўсюджаны крытэрый класіфікацыі краін у сусветнай гаспадарцы. Ён характарызуецца аб’ёмам ВУП/ВНП на душу насельніцтва, галіновай структурай ВУП, узроўнем і якасцю жыцця.

Паказчыкам, які абагульняе найбольш важныя з пералічаных паказчыкаў, з’яўляецца Індэкс чалавечага развіцця (ІЧР).

icon-persona

Індэкс чалавечага развіцця (Human Development Index) — гэта камбінаваны паказчык, створаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый для міжкраінавага параўнання. Распрацаваны ў 1990 г. групай эканамістаў на чале з пакістанскім вучоным Махбубам уль-Хакам. Пры падліку ІЧР улічваюцца 3 віды паказчыкаў:

  • • чаканая працягласць жыцця (ацэньвае даўгалецце);
  • • узровень граматнасці насельніцтва краіны (сярэдняя колькасць гадоў, патрачаных на адукацыю) і чаканая працягласць навучання;
  • • узровень жыцця, які ацэньваецца праз валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці.

У залежнасці ад значэння ІЧР краіны прынята класіфікаваць па ўзроўні развіцця: вельмі высокі, высокі, сярэдні і нізкі. 

icon-search

Да краін з якім узроўнем чалавечага развіцця адносілася Беларусь у 2020 г.? У якім рэгіёне свету найбольшая колькасць краін з высокім ІЧР, у якім — найменшая? Чым гэта можна растлумачыць?

Даведайцеся пра актуальны ІЧР Беларусі і параўнайце яго з паказчыкамі суседніх краін. Якія высновы можна зрабіць? 

Міграцыйная мабільнасць і яе наступствы. Людзі перамяшчаюцца з месца на месца з даўніх часоў. Калі адны пераязджаюць у пошуках лепшай работы, адукацыі, эканамічных даброт ці для ўз’яднання з сям’ёй, другія вымушаны ўцякаць ад канфліктаў, тэрарызму ці з прычыны пераследу з-за сваёй расы, веравызнання, грамадзянства і інш. Расце колькасць тых, хто змяняе месца жыхарства ў выніку змены клімату, стыхійных бедстваў ці іншых фактараў экалагічнага характару. У сучасным свеце мы назіраем перамяшчэнне людзей у беспрэцэдэнтных маштабах. Міграцыйная мабільнасць — перамяшчэнне індывідаў і сацыяльных груп у працэсе змены імі месца жыхарства.

Згодна з азначэннем Міжнароднай арганізацыі па міграцыі мігрантам з’яўляецца любая асоба, якая перамяшчаецца або ўжо перамясцілася цераз міжнародную мяжу ці ўнутры краіны і пакінула месца свайго звычайнага жыхарства незалежна ад:

  • • юрыдычнага статусу асобы;
  • • добраахвотнага ці нядобраахвотнага характару перамяшчэння;
  • • прычын перамяшчэння.
icon-remember
Успомніце, чым адрозніваецца эміграцыя ад іміграцыі. 

У залежнасці ад тэрміну міграцыя можа быць часовая і сталая. Па характары волевыяўлення міграцыя можа быць вымушаная і добраахвотная. Вымушанай называюць, напрыклад, перасяленне з гарачых кропак ці раёна стыхійнага бедства. Часта за такім перамяшчэннем ідзе вяртанне на радзіму — рэпатрыяцыя.

Зыходзячы з мэты міграцыя можа быць працоўная, камерцыйная (у сувязі з вядзеннем бізнесу), адукацыйная, рэлігійная (паломніцтва), у сувязі з утварэннем ці ўз’яднаннем сям’і, у сувязі з вядзеннем традыцыйнай гаспадаркі (качэўніцтва) і да т. п. Працоўных мігрантаў, якія выехалі на працу за мяжу, часта называюць «гастарбайтарамі» — ад нямецкіх слоў «госць» і «работнік».

Па крытэрыі законнасці міграцыя можа быць легальная і нелегальная. Нелегальная міграцыя звязана не толькі з асаблівымі цяжкасцямі для чалавека ў пошуках жылля, працы, усталявання сталых сацыяльных кантактаў, але і з адказнасцю за незаконнае перасячэнне мяжы і/ці парушэнне правілаў знаходжання ў краіне іміграцыі. На міжнародным і нацыянальным узроўні звяртаюць асаблівую ўвагу на нелегальную міграцыю ўразлівых катэгорый — жанчын, дзяцей, якая часта адбываецца падманным шляхам або гвалтоўна з мэтай гандлю, прымусу да працы, прастытуцыі, і узмацняюць барацьбу з такой негатыўнай з’явай, як «трафік мігрантаў». Барацьба з гандлем людзьмі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Беларусі на міжнароднай арэне.

icon-discussions
Выкажыце здагадку, якія з краін з’яўляюцца краінамі-донарамі і краінамі-рэцыпіентамі міграцыйных плыняў. Якія могуць быць станоўчыя і адмоўныя наступствы міграцыі для мігрантаў, для краін? Як міграцыя датычыцца Беларусі? Ці з’яўляецца наша рэспубліка краінай прызначэння, паходжання ці транзіту для міграцыі? 

Беспрацоўе, галеча, ваенныя канфлікты вымушаюць людзей пакідаць свае краіны і перасяляцца ў больш стабільныя дзяржавы, часам рызыкуючы ўласным жыццём. Нізкі ўзровень адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі большасці імігрантаў не дазваляе ім атрымаць працу ў высокатэхнічных сферах, садзейнічае распаўсюджванню сярод іх радыкальных поглядаў. Паміж жыхарамі развітых краін і тымі, хто прыбыў, назіраецца адрозненне ў менталітэце, звычаях, узнікаюць канфлікты.

У горадзе Таронта (Канада) усталяваны манумент скульптара Францыска Пірэлі. Ён прысвечаны ідэям і палітыцы мультыкультуралізму, якая прадугледжвае захаванне і развіццё этнічных і культурных адметнасцей, паралельнае існаванне культур розных народаў у грамадстве.

icon-discussions
Вызначце сімвалы, прадстаўленыя ў дадзенай скульптурнай кампазіцыі, і ідэі, якія яны адлюстроўваюць. З якімі праблемамі сутыкаецца грамадства, увасабляючы гэтыя ідэі на практыцы? Чаму палітыку мультыкультуралізму ў 2010-х гг. сталі крытыкаваць у многіх еўрапейскіх краінах? 

Сёння ў многіх краінах адзначаецца пад’ём расізму, ксенафобіі і антыімігранцкіх настрояў. Мігранты часта становяцца мішэнню для расісцкіх ці ксенафобных палітыкаў, якія абвінавачваюць іх у сацыяльных і эканамічных праблемах сваіх супольніцтваў. «Мігрантафобія» стала сур’ёзнай праблемай, якая перашкаджае інтэграцыі і ўзаемаразуменню і прыводзіць да адчужэння і гвалту ў адносінах да мігрантаў у многіх краінах.

icon-questions

1. Якія крытэрыі выкарыстоўваюцца для аналізу эканамічнага стану розных краін свету?

2. Стварыце схему «Віды міграцыі».

3. Запоўніце табліцу «Прычыны эміграцыі і іміграцыі». 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Беларусь у рэйтынгах». Распрацуйце інфаграфіку, якая будзе візуалізаваць інфармацыю пра месца Беларусі ў міжнародных рэйтынгах у розных сферах. Выкарыстайце памятку для працы з рэйтынгамі ў медыя.