§ 6. Сусветнае супольніцтва ў XXI стагоддзі

Палітычныя і сацыяльна-эканамічныя сістэмы ў сучасным свеце. Палітычная карта таксама адлюстроўвае разнастайнасць сучаснага свету, бо ўсе краіны адрозніваюцца па наступных паказчыках:

  • • геаграфічнае становішча;
  • • велічыня тэрыторыі;
  • • колькасць насельніцтва;
  • • сацыяльны і нацыянальны склад насельніцтва;
  • • форма дзяржавы.

У сучасным свеце суіснуюць розныя эканамічныя сістэмы: ёсць краіны, якія вылучаюцца высокім узроўнем развіцця эканомікі і даходы іх грамадзян стабільна высокія, а ёсць краіны з неэфектыўнымі эканомікамі і нізкім узроўнем жыцця насельніцтва.

Большую частку краін сучаснага свету складаюць краіны, што развіваюцца, сярод якіх шмат такіх, што раней былі калоніямі эканамічна развітых еўрапейскіх дзяржаў. Для іх уласцівыя такія рысы, як шматукладная эканоміка, высокія тэмпы росту насельніцтва, пераважна сыравінная спецыялізацыя ў міжнародным падзеле працы і моцная залежнасць ад замежнага капіталу. Праблема галечы ў сучасным свеце ў той ці іншай ступені датычыцца ўсіх краін.

Для аналізу эканамічнага становішча краін выкарыстоўваюць шэраг важных крытэрыяў, якія характарызуюць дынаміку і стан сусветнай эканомікі. Узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця — найбольш распаўсюджаны крытэрый класіфікацыі краін у сусветнай гаспадарцы. Ён характарызуецца аб’ёмам ВУП/ВНП на душу насельніцтва, галіновай структурай ВУП, узроўнем і якасцю жыцця.

Паказчыкам, які абагульняе найбольш важныя з пералічаных паказчыкаў, з’яўляецца Індэкс чалавечага развіцця (ІЧР).

icon-persona

Індэкс чалавечага развіцця (Human Development Index) — гэта камбінаваны паказчык, створаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый для міжкраінавага параўнання. Распрацаваны ў 1990 г. групай эканамістаў на чале з пакістанскім вучоным Махбубам уль-Хакам. Пры падліку ІЧР улічваюцца 3 віды паказчыкаў:

  • • чаканая працягласць жыцця (ацэньвае даўгалецце);
  • • узровень граматнасці насельніцтва краіны (сярэдняя колькасць гадоў, патрачаных на адукацыю) і чаканая працягласць навучання;
  • • узровень жыцця, які ацэньваецца праз валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці.

У залежнасці ад значэння ІЧР краіны прынята класіфікаваць па ўзроўні развіцця: вельмі высокі, высокі, сярэдні і нізкі. 

icon-search

Да краін з якім узроўнем чалавечага развіцця адносілася Беларусь у 2020 г.? У якім рэгіёне свету найбольшая колькасць краін з высокім ІЧР, у якім — найменшая? Чым гэта можна растлумачыць?

Даведайцеся пра актуальны ІЧР Беларусі і параўнайце яго з паказчыкамі суседніх краін. Якія высновы можна зрабіць?