*§ 5-1. Глабалізацыя

Антыглабалізм.

icon-task
Рэакцыяй на супярэчлівы характар глабалізацыі выступае рух антыглабалізму. Часцей за ўсё антыглабалісты асуджаюць разбуральныя сацыяльна-эканамічныя наступствы глабалізацыі і вылучаюць патрабаванні правядзення палітыкі «сацыяльна адказнай глабалізацыі». 
icon-task
Прааналізуйце прадстаўленыя карыкатуры і вызначце, якія праблемы глабалізацыі яны раскрываюць. 
icon-persona
Амерыканскі сацыёлаг і гісторык Імануіл Валерстайн лічыцца адным з ідэолагаў руху антыглабалістаў. У адпаведнасці з тэорыяй свет-сістэмнага аналізу Валерстайна свет умоўна можна падзяліць на тры зоны: цэнтр (ядро), перыферыю і паўперыферыю. Асноўная віна за адсталасць перыферыі ляжыць на краінах «залатога мільярда» (цэнтр, ядро). Гэтыя высокаразвітыя краіны так кіруюць сістэмай капіталістычнай сусветнай гаспадаркі, што адсталыя краіны асуджаны заставацца адсталымі: іх сыравінныя рэсурсы купляюць па заніжаных цэнах, а прадаюць ім прадукты высокіх тэхналогій – па завышаных; іх не дапускаюць да перадавых тэхналогій; з іх выпампоўваюць не толькі капіталы, але і «мазгі». На думку вучонага, «арыстакраты» першага эшалона не толькі не маюць намеру падаваць руку дапамогі тым, хто імкнецца іх дагнаць, а наадварот, «б’юць па руках» тых, хто спрабуе ўхапіцца за поручні гэтага перадавога экспрэса. Узнікае і група краін, якая займае прамежкавае становішча (паўперыферыя). Яны з’яўляюцца пераферыйнымі ў адносінах да цэнтра, але пры гэтым з’яўляюцца «цэнтрам» у адносінах да яшчэ больш слабых краін (перыферыі). 

Для вырашэння пералічаных праблем антыглабалісты прапануюць лакалізацыю вытворчасці для згортвання пераразвітога сусветнага падзелу працы; выступаюць за выраўноўванне аплаты працы працаўнікоў падобнай кваліфікацыі ва ўсіх краінах свету; рэалізацыю міжнародных стандартаў сацыяльнай абароны і аховы працы; дэмакратычнае вырашэнне праблем міграцыі рабочай сілы; выпрацоўку міжнародных нарматываў, якія абмяжоўваюць дзейнасць ТНК; спісанне пазык краін, якія развіваюцца; увядзенне падаткаў на біржавыя спекуляцыі і да т. п.

Антыглабалісцкія арганізацыі і рухі вельмі неаднародныя, маецца мноства розных напрамкаў і плыняў. Дэманстрацыі антыглабалістаў апошнім часам становяцца ўсё больш частыя і прымеркаваны, як правіла, да пасяджэнняў Сусветнага банка, СТА, МВФ, іншых міжнародных арганізацый. У гэтых арганізацыях антыглабалісты бачаць асноўных правадыроў палітыкі глабалізацыі, адказных за яе негатыўныя наступствы.