*§ 5-1. Глабалізацыя
Супярэчлівы характар глабалізацыі. У эканамічным аспекце глабалізацыя праяўляецца ў пашырэнні маштабаў дзейнасці і значным росце ўплыву транснацыянальных карпарацый, якія аказваюць уплыў на палітычныя рашэнні.
Некаторыя кампаніі маюць больш грошай і ўлады, чым цэлыя краіны? (2020)
- • Колькі кампаній з інфаграфікі вам вядома?
- • Што яны вырабляюць?
- • Якія брэнды хутчэй за ўсё раслі, а якія — падалі ў 2020 г.? Як вы думаеце чаму?
- • Выкажыце здагадку, як на становішча брэндаў паўплывала пандэмія COVID-19. Якое іх становішча зараз?
Хваробы заўсёды былі спадарожнікамі чалавека, але сёння з-за глабальных тэндэнцый пагроза ўзнікнення глабальнай надзвычайнай сітуацыі ў галіне аховы здароўя моцная як ніколі. Таму для барацьбы з пандэміяй усе краіны зацікаўлены ў падключэнні да адзінай інфармацыйнай сістэмы пра навуковыя даследаванні захворванняў, меры прафілактыкі і эфектыўныя спосабы лячэння, вынікі апрабацыі вакцын, распаўсюджванне тэхналогій вытворчасці эфектыўных лекаў і да т. п.
Чаму ў 2019 г. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўключыла недавер да вакцынацыі ў спіс дзесяці глабальных пагроз для здароўя насельніцтва?
Чые аргументы (праціўнікаў ці прыхільнікаў вакцынацыі) высмейваў мастак у пачатку ХІХ ст.? Чаму вы так думаеце?
Якія адносіны да прышчэпак паказвае аўтар комікса ў ХХІ ст.? Якімі сродкамі даносіцца мэсэдж?
- • Вытворчасць вакцын з’яўляецца надзвычай развітым і прыбытковым бізнесам, таму вытворцы вакцын, уступаючы ў змову з работнікамі медыцынскіх дзяржаўных службаў, клінік і даследчых устаноў, выпускаюць і навязваюць вакцыны часцяком насуперак аб’ектыўнай мэтазгоднасці, з меркаванняў істотнай камерцыйнай выгады (форум праціўнікаў прышчэпкі, 2018 г.).
- • Штогод дзякуючы вакцынам удаецца ратаваць каля 3 млн дзяцей ад смяротных і надзвычай небяспечных інфекцыйных захворванняў, такіх як адзёр, пнеўманія, халера і дыфтэрыя. Вакцыны з’яўляюцца адным з самых эканамічна эфектыўных інструментаў для аховы здароўя, вынайдзеных чалавецтвам. Кожны долар ЗША, выдаткаваны на імунізацыю дзяцей, акупляецца ў памеры да 44 долараў. Але нягледзячы на гэта, у 2017 г. каля 1,5 млн дзяцей памерла ад хвароб, якія можна было б прадухіліць з дапамогай прышчэпкі.
Культурная глабалізацыя – гэта ўсеагульны і шматбаковы працэс культурнай інтэграцыі, нацыянальных і этнічных супольнасцей, рост узаемаўплыву, паглыблення сувязей народаў. Тэрытарыяльныя межы паміж супольнасцямі становяцца ўсё больш пранікальныя, культурныя «межы» фактычна размываюцца. Фарміруецца глабальны ўніфікаваны свет матэрыяльных «культурных артэфактаў» – прадметаў асяроддзя, асабліва грамадскага прызначэння, што абкружае чалавека, які жыве ў больш ці менш буйным гарадскім цэнтры або ў непасрэднай блізкасці ад яго, часта здзяйсняе дзелавыя і забаўляльныя паездкі. У розных краінах аэрапорты, гасцініцы, аўтамабілі, рэстараны, супермаркеты, вакзалы, транспарт, камп’ютары, мабільныя тэлефоны, тэлевізары, сучасныя вышынныя будынкі выглядаюць практычна аднолькава.
У чым плюсы і мінусы «глабалізацыі біяграфіі»?
Фарміраванне і рост уплыву глабальнай культуры («глабалізацыя» культуры) суправаджаецца ўзмацненнем цікавасці да лакальных асаблівасцей, культурных адрозненняў («лакалізацыі» культуры). Адбываецца змешванне разнародных культурных элементаў, якія вядуць да ўзнікнення «сінтэтычных» культурных форм і ўзораў у выніку ўзаемадзеяння глабальных, нацыянальных і рэгіянальных патокаў культурных уплываў і іх перапрацоўкі на лакальным узроўні.