§ 5. Глабалізацыя

Супярэчлівы характар глабалізацыі. Глабалізацыя ўяўляе сабой даволі складаны і супярэчлівы працэс. Галоўнымі суб’ектамі міжнародных адносін па-ранейшаму застаюцца дзяржавы, якія выбудоўваюць сваю знешнюю палітыку на аснове нацыянальных інтарэсаў. У той жа час расце значэнне міжнародных арганізацый (урадавых і няўрадавых), узмацняецца ўплыў ТНК, ствараюцца наддзяржаўныя кіраўнічыя структуры. У выніку часта ўзнікаюць супярэчнасці паміж нацыянальнымі інтарэсамі дзяржаў і патрабаваннямі міжнародных арганізацый, прыярытэтамі нацыянальнай бяспекі і інтарэсамі транснацыянальных карпарацый.

Глабалізацыя сёння суправаджаецца іншым, процілеглым па напрамку працэсам: рэгіяналізацыяй эканамічнай дзейнасці. Гэта глабалізацыя ў абмежаваных маштабах, якая ахоплівае групу краін, што ствараюць аб’яднанні, у якіх адбываецца вялікая ці малая лібералізацыя гандлю, руху капіталу і людзей у рамках адпаведнай інтэграцыйнай групіроўкі (напрыклад, Еўразійскі эканамічны саюз, членам якога разам з Расіяй, Арменіяй, Кыргызстанам і Казахстанам з’яўляецца Беларусь).

У канцы ХХ ст. для апісання супярэчлівасці глабалізацыйных працэсаў у сучасным свеце з’явілася таксама паняцце «глакалізацыя» (ад англ. glocalisation), утворанае ад слоў «глабалізацыя» і «лакалізацыя». Пад глакалізацыяй разумеюць суіснаванне разнапланавых тэндэнцый: на фоне глабалізацыі замест чаканага знікнення рэгіянальных адрозненняў адбываюцца іх захаванне і ўзмацненне. Назіраецца павелічэнне інтарэсу да лакальных асаблівасцей, гістарычных традыцый, аднаўлення дыялектаў і інш.

Кіраванне глабалізацыяй на карысць усіх застаецца вялікай праблемай. У Дэкларацыі тысячагоддзя, прынятай Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 2000 г., адзначана: «…Мы лічым, што галоўнай задачай, якая стаіць перад намі сёння, з’яўляецца забеспячэнне таго, каб глабалізацыя стала пазітыўным фактарам для ўсіх народаў свету. Гэта звязана з тым, што, хоць глабалізацыя адкрывае шырокія магчымасці, яе дабротамі зараз карыстаюцца вельмі нераўнамерна і нераўнамерна размяркоўваюцца яе выдаткі. Мы ўсведамляем, што краіны, якія развіваюцца, і краіны з пераходнай эканомікай сутыкаюцца з асаблівымі цяжкасцямі падчас прыняцця мер у сувязі з рашэннем гэтай галоўнай задачы».

icon-search
Даведайцеся з дадатковых крыніц інфармацыі пра дасягненні мэт развіцця Дэкларацыі тысячагоддзя. 

Дэкларацыя тысячагоддзя вызначыла дух працэсу глабалізацыі як заснаваны на прынцыпах свабоды, роўнасці, салідарнасці, цярплівасці, павагі да прыроды, узаемнай адказнасці, аднак ёсць небяспека, што працэс глабалізацыі, заснаваны на групавых інтарэсах найбагацейшых краін свету (так званага «залатога мільярда»), падрывае ўстойлівы светапарадак і ўзмацняе супрацьстаянне па лініях Поўнач — Поўдзень, Захад — Усход.

icon-task
Знайдзіце ў крыніцах інфармацыі розныя карты, якія адлюстроўваюць умоўны падзел свету на «багатую Поўнач» і «бедны Поўдзень». Чаму некаторыя краіны на адных картах адносяцца да Поўначы, а на другіх — да Поўдня?