§ 4. Гарызонты інфармацыйнага грамадства
Інтэрнэт як глабальная інфармацыйная сістэма. Сутнасць інтэрнэт-камунікацыі заключаецца ў прадастаўленні карыстальнікам хуткага доступу да атрымання самай шырокай і карыснай інфармацыі, а таксама да тэхналагічных рэсурсаў, якія даюць магчымасць людзям падтрымліваць зносіны і абменьвацца інфармацыяй.
Першапачаткова інфармацыйна-камунікатыўная прастора на аснове камп’ютарнай сеткі была створана ў ЗША ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гг. Да амерыканскага праекта падключыліся заходнееўрапейскія партнёры, і праект атрымаў міжнародны характар. У 1983 г. за гэтай інфармацыйнай сеткай замацавалася назва — інтэрнэт.
Інтэрнэт стаў неад’емнай часткай жыцця людзей сучаснага свету. Сусветная павуціна дае доступ да гіганцкай глабальнай інфармацыйнай прасторы, пашырае магчымасці для бізнесу, паскарае працэс прыняцця рашэнняў. Камунікацыя становіцца хуткай і глабальнай.
Але інтэрнэт стварае і шэраг праблем тэхналагічнага і сацыяльнага плана. Гэта праблемы інфармацыйнай бяспекі, барацьба з распаўсюджваннем шкоднага праграмнага забеспячэння, сеткавай злачыннасцю, кібератакамі ў сеткавай прасторы. Сур’ёзнай праблемай стала праблема абароны інфармацыі і канфідэнцыяльнасці электронных зносін.
У інфармацыйным грамадстве фарміруецца «лічбавая эканоміка», г. зн. эканамічная вытворчасць з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Асноўны прадукт вытворчасці — інфармацыйныя тавары і паслугі.
Інфармацыя становіцца асноўным эканамічным рэсурсам, таму абвастраецца канкурэнцыя ў сферы інфармацыйнай эканомікі. Гэтая канкурэнцыя набывае глабальны характар. Дзяржавай-лідарам становіцца тая дзяржава, якая займае першыя пазіцыі ў галіне вытворчасці сучасных ведаў і інфармацыі. Лідарства забяспечваецца новымі навуковымі адкрыццямі ў сферы інфармацыйных інавацый, якаснымі распрацоўкамі праграмнага забеспячэння, вытворчасцю камп’ютарнага і тэлекамунікацыйнага абсталявання. Канкурэнтамі ў гэтай сферы могуць станавіцца не толькі буйныя дзяржавы і транснацыянальныя карпарацыі, але і невялікія дзяржавы і фірмы, якія здольныя прапанаваць новыя высокія тэхналогіі, забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне.
У розныя гады замежныя медыя ўключалі дадзеныя ІТ-брэнды ў «Топ-5 беларускіх IT-прадуктаў, якія заваявалі свет».
- • Што вам вядома аб гэтых IT-прадуктах сёння?
- • Складзіце ўласны топ-5 беларускіх IT-прадуктаў і параўнайце яго з актуальнымі апублікаванымі рэйтынгамі.