§ 4. Гарызонты інфармацыйнага грамадства

Інтэрнэт як глабальная інфармацыйная сістэма. Сутнасць інтэрнэт-камунікацыі заключаецца ў прадастаўленні карыстальнікам хуткага доступу да атрымання самай шырокай і карыснай інфармацыі, а таксама да тэхналагічных рэсурсаў, якія даюць магчымасць людзям падтрымліваць зносіны і абменьвацца інфармацыяй.

Першапачаткова інфармацыйна-камунікатыўная прастора на аснове камп’ютарнай сеткі была створана ў ЗША ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гг. Да амерыканскага праекта падключыліся заходнееўрапейскія партнёры, і праект атрымаў міжнародны характар. У 1983 г. за гэтай інфармацыйнай сеткай замацавалася назва — інтэрнэт.

icon-persona
У 1989 г. брытанскі вучоны Цім Бернерс-Лі распрацаваў канцэпцыю глабальнай камп’ютарнай сеткі — Сусветнай павуціны (World Wide Web) і стварыў электронныя стандарты яе працы. У пачатку 1990-х гг. сфарміраваліся асноўныя магчымасці інтэрнэту, даступныя для сучасных карыстальнікаў. 
icon-task
Ператварыце тэкст пра распрацоўку Сусветнай павуціны ў гіпертэкст, на прыкладзе гіперспасылак якога прадэманструйце перавагі і недахопы спажывання і стварэння інфармацыі ў інтэрнэце. 
icon-task
З дапамогай інфаграфікі і дадатковых інтэрнэт-крыніц ахарактарызуйце этапы развіцця інтэрнэту ад Web 1.0, Web 2.0, Web 3.0. 

Інтэрнэт стаў неад’емнай часткай жыцця людзей сучаснага свету. Сусветная павуціна дае доступ да гіганцкай глабальнай інфармацыйнай прасторы, пашырае магчымасці для бізнесу, паскарае працэс прыняцця рашэнняў. Камунікацыя становіцца хуткай і глабальнай.

Але інтэрнэт стварае і шэраг праблем тэхналагічнага і сацыяльнага плана. Гэта праблемы інфармацыйнай бяспекі, барацьба з распаўсюджваннем шкоднага праграмнага забеспячэння, сеткавай злачыннасцю, кібератакамі ў сеткавай прасторы. Сур’ёзнай праблемай стала праблема абароны інфармацыі і канфідэнцыяльнасці электронных зносін.

У інфармацыйным грамадстве фарміруецца «лічбавая эканоміка», г. зн. эканамічная вытворчасць з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Асноўны прадукт вытворчасці — інфармацыйныя тавары і паслугі.

Інфармацыя становіцца асноўным эканамічным рэсурсам, таму абвастраецца канкурэнцыя ў сферы інфармацыйнай эканомікі. Гэтая канкурэнцыя набывае глабальны характар. Дзяржавай-лідарам становіцца тая дзяржава, якая займае першыя пазіцыі ў галіне вытворчасці сучасных ведаў і інфармацыі. Лідарства забяспечваецца новымі навуковымі адкрыццямі ў сферы інфармацыйных інавацый, якаснымі распрацоўкамі праграмнага забеспячэння, вытворчасцю камп’ютарнага і тэлекамунікацыйнага абсталявання. Канкурэнтамі ў гэтай сферы могуць станавіцца не толькі буйныя дзяржавы і транснацыянальныя карпарацыі, але і невялікія дзяржавы і фірмы, якія здольныя прапанаваць новыя высокія тэхналогіі, забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне.

icon-task

У розныя гады замежныя медыя ўключалі дадзеныя ІТ-брэнды ў «Топ-5 беларускіх IT-прадуктаў, якія заваявалі свет».

  • • Што вам вядома аб гэтых IT-прадуктах сёння?
  • • Складзіце ўласны топ-5 беларускіх IT-прадуктаў і параўнайце яго з актуальнымі апублікаванымі рэйтынгамі.