§ 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі
6. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку
У канцы VIII — пачатку VII ст. да н. э. жыхары беларускіх зямель пачалі вырабляць жалеза. Бронзавы век змяніўся жалезным. Жалеза мела дзве перавагі перад бронзай: па-першае, яно было больш цвёрдым і трывалым, а па-другое, сустракалася на нашых землях амаль паўсюдна.
Плямёны, што насялялі паўднёвую частку Беларусі, авалодалі навыкамі вытворчасці і апрацоўкі жалеза ў другой чвэрці І тыс. да н. э. Плямёны астатняй часткі Беларусі пачалі выкарыстоўваць жалеза ў гаспадарчай дзейнасці ў другой палове І тыс. да н. э. Гэтаму садзейнічалі даступнасць сыравіны і адносна нескладаная тэхналогія выплаўкі жалеза.
Жалеза выраблялі ў печах-домніцах з балотнай руды, якую здабывалі на берагах рэк, азёр і на балотах. Такія печы знойдзены вучонымі на стаянках Лабеншчына, Канькі і інш. Жалеза з’яўлялася асноўным матэрыялам, з якога рабілі зброю — наканечнікі стрэл і дзідаў (коп’яў), баявыя сякеры, нажы і інш.
Насельніцтва ў жалезным веку пачало асвойваць новыя мясціны для жыцця і сяліцца на ўзвышшах, якія знаходзіліся далей ад буйны́х рэк. Такія паселішчы маглі мець складаныя абарончыя збудаванні — моцныя валы і равы. Навукоўцы называюць такія месцы «гарадзішчамі». Падчас археалагічных раскопак вучоныя знайшлі сляды шматлікіх пажараў і паўторнага аднаўлення абарончых умацаванняў, што сведчыць пра ваенныя канфлікты паміж плямёнамі.