*§ 0-3. Словазлучэнне; віды, спосабы і сродкі сінтаксічнай сувязі ў словазлучэнні

Практыкаванне 7

Дакажыце, што мнагазначнасць слова ўплывае на яго спалучальныя магчымасці. Вызначце, у якіх сферах чалавечай дзейнасці ўжывальныя наступныя словазлучэнні са словам партыя. Складзіце па адным сказе са словазлучэннем з кожнай групы, у якім рэалізаваліся б значэнні слова партыя.

1) палітычная (грамадская) арганізацыя;
2) група асоб, якія аб’ядноўваюцца з пэўнай мэтай;
3) у некаторых гульнях: гульня ад пачатку да яе заканчэння, закончаная частка гульні;
4) асобная частка музычнага твора, якая выконваецца адным інструментам, адным спеваком;
5) пэўная колькасць тавару.

а) камуністычная партыя, дэмакратычная партыя, аграрная партыя;
б) выйграная партыя, партыя ў шахматы, закончаная партыя, партыя ў більярд;
в) пошукавая партыя, партыя выратавальнікаў, партыя геолагаў, партыя бурыльшчыкаў;
г) атрымаць новую партыю абутку, рэалізаваць партыю цацак;
д) выканаць партыю на фартэпіяна, партыя скрыпкі, выканаць партыю з оперы «Князь Ігар»

Складзіце і запішыце словазлучэнні так, каб словы армія, залаты, шмат ужываліся ў прамым і пераносным значэннях. Складзіце сказы з утворанымі словазлучэннямі.