*§ 0-3. Словазлучэнне; віды, спосабы і сродкі сінтаксічнай сувязі ў словазлучэнні
Практыкаванне 6
Прачытайце прадмову да энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў «Беларуская мова». Выпішыце апорныя словазлучэнні з тэксту. З іх дапамогай раскажыце пра змест і характар гэтага выдання.
Беларуская мова мае асаблівае значэнне ў жыцці нашай краіны. Яна валодае афіцыйным статусам дзяржаўнай мовы, які замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Менавіта мова адыграла вызначальную ролю ў станаўленні нацыянальнай ідэнтычнасці* беларусаў, захаванні і развіцці нацыянальнай культуры.
Сёння беларуская мова выкарыстоўваецца ў штодзённых кантактах паміж людзьмі, сродках масавай інфармацыі, сферы адукацыі, навукі, літаратуры і інш. У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры (2016 год) беларуская мова прызнана нематэрыяльнай духоўнай каштоўнасцю і адным з найважнейшых фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту* (артыкул 2). Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (2011 год) дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на беларускай мове і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права, пры атрыманні агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца абавязковым (артыкул 90).
Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў «Беларуская мова» адрасуецца найперш школьнікам, абітурыентам і студэнтам, але яна будзе карыснай самаму шырокаму колу зацікаўленыхсл чытачоў, паколькі яе прызначэнне — не толькі прапанаваць інфармацыю навуковага характару, але і выпрацаваць творчы падыход да асэнсавання моўных з’яў.
Аўтарскі калектыў спадзяецца, што энцыклапедыя «Беларуская мова» паспрыяе выхаванню павагі да нацыянальнай мовы, паглыбленню лінгвістычнай падрыхтоўкі чытачоў (Д. Дзятко).
•Растлумачце правапіс выдзеленых слоў.
•Выпішыце з тэксту дзеепрыметнік, зрабіце яго марфемны, словаўтваральны і марфалагічны разборы.
•Выпішыце з тэксту просты, складаназалежны, складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак. Зрабіце іх сінтаксічны разбор.