*§ 0-3. Словазлучэнне; віды, спосабы і сродкі сінтаксічнай сувязі ў словазлучэнні

Практыкаванне 5

Прачытайце развагі мастака Міколы Купавы пра ролю мовы ў грамадстве. Наколькі блізкія (далёкія) вам гэтыя разважанні?
Выпішыце з тэксту словазлучэнні, галоўным або залежным кампанентам якіх выступаюць словы мова (родная мова).
Аформіце пісьмова свае разважанні на тэму «Роля мовы ў жыцці грамадства». Раскажыце пра сэнсава-стылістычную ролю і тэкстаўтваральныя магчымасці выпісаных словазлучэнняў пры разгортванні тэмы, афармленні звязнага выказвання.

Родная мова — гэта яшчэ і сродак культуры. На роднай мове павінны працаваць школа, універсітэт, гэта элементарная ўмова развіцця народа.
У маёй творчасці мова займае важнае месца, бо ўжо склалася пэўнае разуменне ролі і месца мовы ў нацыянальнай культуры, у нашым мастацтве. Гэта разуменне і прымусіла мяне актыўна сцвярджаць узаемасувязь сродкамі выяўленчага мастацтва.
Праблему мовы як асноўную ў сістэме дзяржаўнага будаўніцтва я вылучаю ў асобную, прынамсі, для сябе. Мова ў побыце, у культуры наогул і ў мастацтве ў прыватнасці, а таксама ў палітыцы, у школе бачыцца як адзіная жыццядзейная сістэма, як адзіны арганізм, адзіны мацярык беларускасці. Я не магу падзяліць гэтыя сферы функцыянавання мовы або аддаць перавагу нейкай адной. Толькі паўнакроўнае бытаванне мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця надае моцы і велічы народнаму духу, стварае гістарычную перспектыву народу, з’яўляецца моцным гарантам яго жыццяздольнасці і вечнасці (М. Купава).

Выпішыце з тэксту складаныя словы, растлумачце іх правапіс.
Спішыце тры першыя сказы. Зрабіце іх сінтаксічны аналіз.
Успомніце і запішыце прыказкі, прысвечаныя мове.