*§ 0-3. Словазлучэнне; віды, спосабы і сродкі сінтаксічнай сувязі ў словазлучэнні
Практыкаванне 4
Як вядома, словазлучэнні з дзеясловам у ролі галоўнага слова з’яўляюцца самым шматлікім і разнастайным тыпам словазлучэнняў у беларускай мове. Гэта тлумачыцца багатай спалучальнасцю, разнастайнасцю значэнняў самога дзеяслова.
Прачытайце тэкст, выпішыце словазлучэнні «дзеяслоў + (прыназоўнік) + назоўнік». Вызначце від сэнсавых адносін паміж галоўным і залежным словамі: аб’ектныя, азначальныя, азначальна-акалічнасныя, акалічнасныя, прасторавыя, прычынныя, мэтавыя, часавыя, колькасныя.
Тураў і Полацк. Няма ім роўных сярод беларускіх гарадоў па ролі ў гісторыі Беларусі. Калі гістарычнае месца Полацка ў грамадскай свядомасці дакладна замацавана, то Тураву пашанцавала менш. Старажытны Тураў толькі цяпер пачынае аднаўляць сваю гістарычную веліч. Так, у знакавым месцы горада з’явіўся велічны помнік Кірылу Тураўскаму работы мастака Міхаіла Інькова. На думку многіх, ён найбольш адпавядае вобразу свяціцеля. Праваслаўную традыцыю прадаўжае велічны сабор, збудаваны ў цэнтры Турава.
Сённяшняя тураўская інтэлігенцыя імкнецца захаваць і перадаць моладзі духоўную спадчыну продкаў. Выдадзены «Тураўскі слоўнік». Тураўскае навукова-асветніцкае таварыствас выдала больш за 20 альманахаў і кніг, прысвечаных гісторыі роднага краю і яго людзям. Выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці ўвасабляюць мясцовы каларыт у ляльках-абярэгах з тканіны, гліняных фігурках, вывучаюць гісторыю мясцовага княжацкага воінства.
А сам гарадок з надзеяй глядзіць у будучыню. Горад імкнецца вярнуць сабе годнае месца ў гісторыі, нагадаць пра моц і сілу старажытнага княствас (У. Якаўлеў).
Назавіце сінанімічныя рады да выдзеленых слоў. Растлумачце розніцу паміж сінонімамі.
Зрабіце сінтаксічны разбор простага няўскладненага і простага ўскладненага сказаў з тэксту.З дапамогай інтэрнэт-матэрыялаў раскажыце пра змест, структуру і прызначэнне лексікаграфічнага выдання «Тураўскі слоўнік».