*§ 0-3. Словазлучэнне; віды, спосабы і сродкі сінтаксічнай сувязі ў словазлучэнні

Практыкаванне 3

Акрэсліце стыль тэксту з улікам лексічных, марфалагічных і сінтаксічных прымет. Выпішыце словазлучэнні з тэксту, ахарактарызуйце іх паводле лексіка-граматычнага разраду.

Шыпшына — расліна сямейства ружакветных.
У чэрвені-ліпені ў лясах і паблізу дарог часта сустракаецца шыпшына, ці дзікая ружа, якая цвіце буйнымі ружовымі або белымі кветкамі з моцным прыемным пахам. Сцябло шыпшыны, а таксама чаранкі і нават сярэднія жылкі лістоў пакрыты вострымі калючкамі, якія ахоўваюць расліну ад паядання яе жывёламі.
Добра прыкметна шыпшына і ўвосень, калі на ёй выспяваюць аранжавыя або чырвоныя сакавітыя плады. Сапраўдныя плады шыпшыны — гэта дробныя белаватыя арэшкі. Яны развіваюцца з зáвязі і знаходзяцца ўнутры бакалападобнага кветаложа.
Амаль усе віды шыпшыны маюць схільнасць утвараць махрыстыя, са шматлікімі пялёсткамі кветкі. Выкарыстоўваючы гэту ўласцівасць шыпшыны, чалавек атрымаў шматлікія гатункі садовых руж: чайныя, паліянтавыя, маслічныя і іншыя. З пялёсткаў маслічных руж атрымліваюць духмянае рýжавае масла (В. Карчагіна).

Выпішыце сказ з адасобленым прыдаткам і растлумачце знакі прыпынку ў ім.
Параўнайце ролю словазлучэнняў у гэтым і папярэднім тэкстах.
Прачытайце, пісьмова адкажыце на пытанне: Хто ў айчыннай лінгвістыцы пачынаў даследаванне словазлучэння як асноўнай адзінкі сінтаксісу?

Традыцыйна словазлучэнне лічыцца ў беларускай лінгвістыцы, побач са сказам, асноўнай адзінкай сінтаксісу. Вытокі гэтай устойлівай традыцыі ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве звычайна знаходзілі ў «Расійскай граматыцы» М. В. Ламаносава. Аднак  пазней вучоныя даказалі, што сам М. В. Ламаносаў называў «варотамі сваёй вучонасці» «Граматыку» беларускага пісьменніка, рэлігійнага і грамадска-палітычнага дзеяча, вучонага і педагога Мялеція Сматрыцкага, які адным з першых пачаў распрацоўваць пытанні стылістычнага сінтаксісу, даў падрабязнае апісанне разнастайных стылістычных фігур (1619 год). Азначэнне словазлучэння як спалучэнне слоў  разглядаецца яшчэ ў знакамітай усходнеславянскай граматыцы — «Грамматіка словенска» Лаўрэнція Зізанія (1596 год). У гэтай жа граматыцы, выдадзенай больш чым на 150 гадоў раней за «Российскую грамматику» М. В. Ламаносава, даецца і азначэнне сказа як спалучэння слоў, якое перадае завершаную думку (Л. Антанюк).

Запішыце сучаснае азначэнне паняццяў словазлучэнне, сказ. Чым гэтыя азначэнні адрозніваюцца ад тых, што прыведзены ў тэксце?
З дапамогай энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў «Беларуская мова» або інтэрнэт-крыніц падрыхтуйце сціслае выказванне пра дзейнасць Мялеція Сматрыцкага або Лаўрэнція Зізанія.