|
У сказах могуць ужывацца словы, якія ўдакладняюць, канкрэтызуюць, узмацняюць сэнс папярэдніх слоў, звужаючы або абмяжоўваючы іх. Гэтыя словы называюцца ўдакладняльнымі членамі сказа, на пісьме яны а д а с а б л я ю ц ц а. Удакладняльнымі членамі сказа часцей бываюць акалічнасці месца і часу: А там, далей, лесу кудзерка відна (Я. Колас); Не выцер ён [салдат] тады, у сорак пятым, слязу скупую на сваёй шчацэ, не змыў зямлю акопную ў рацэ (М. Маляўка); Над абрывам, каля крамянага нізкага дуба, устаў над вудамі наш дзядок (Я. Брыль). Радзей удакладняльнымі бываюць іншыя члены сказа: У пачатку апошняй, чацвёртай, чвэрці ў нашай школе адбыліся перамены (І. Навуменка). Канкрэтызуючы папярэдняе слова, удакладняльныя члены могуць размяшчацца адзін за адным: Там, недзе далёка, за вялікімі абшарамі палёў, цяпер вось, светлаю раніцою, грэюцца на сонцы нізкія хаты (К. Чорны). Коскамі в ы д з я л я ю ц ц а ўдакладняльныя спалучэнні, якія пачынаюцца словамі асабліва, нават, пераважна, у тым ліку, у прыватнасці, напрыклад і іншыя, што надаюць удакладненню сэнсавае адценне выдзяляльнасці, узмацняльнасці: Мірскі замак — прыгожы палацава-паркавы ансамбль з каменным абнясеннем і пяццю вежамі, у тым ліку адной уязной (З часопіса «Беларусь»). Коска н е с т а в і ц ц а перад спалучэннямі са словамі асабліва, нават, пераважна, калі яны не маюць удакладняльнага значэння (выконваюць ролю часціц): Не было чутна нават ні гуку.
|