§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Знакі прыпынку пры адасобленых прыдатках

Адасобленыя прыдаткі ў вусным маўленні выдзяляюцца паўзамі, на пісьме — коскамі.
З а ў с ё д ы  а д а с а б л я ю ц ц а:
• развітыя і адзіночныя прыдаткі, якія адносяцца да асабовага займенніка (незалежна ад месца ў сказе): Удачлівы паляўнічы, ён часта прыносіў з лесу то зайца, то лісу (А. Федарэнка); Яна, вядомая ў горадзе жанчына, дапамагала адбудоўваць бальніцу;
• развітыя і адзіночныя прыдаткі, якія адносяцца да агульнага ці ўласнага назоўніка і стаяць пасля яго: Валянцін Міхайлавіч, мужчына гадоў сарака, збавіў хуткасць, уважліва паглядзеў на Паўла (А. Дзялендзік); Зубр, волат Белавежскай пушчы, узгадваецца ў многіх паэтычных творах.
Заўвага 1. Перад назоўнікам (агульным ці ўласным) прыдатак а д а с а б л я е ц ц а, калі ён мае дадатковае акалічнаснае значэнне ўступкі ці прычыны: Майстар на ўсе рукі, Святаслаў Іванавіч быў сціплым чалавекам.
А д а с а б л я е ц ц а прыдатак, калі ён звязаны з назоўнікам, які паясняе, словамі па мянушцы, па клічцы, па прозвішчы: Сабака, па клічцы Гор, хутка ўзяў след.
А д а с а б л я ю ц ц а прыдаткі са злучнікам як, калі яны маюць дадатковае прычыннае значэнне: Як выдатнаму спецыялісту, Сяргею Пятровічу заўсёды даручалі складаныя справы.
Заўвага 2. Калі злучнік як мае значэнне ‘ў якасці’, то прыдатак к о с к а м і  н е  в ы д з я л я е ц ц а: Гліна здаўна выкарыстоўваецца як будаўнічы матэрыял.
Адасабляюцца прыдаткі са злучнікамі ці, або, калі яны маюць удакладняльнае значэнне: У беларускіх лясах гнездзіцца жаўна, або чорны дзяцел (В. Вольскі).
Адасобленыя прыдаткі м о г у ц ь  в ы д з я л я ц ц а  п р а ц я ж н і к а м і, калі ім надаецца асаблівае значэнне і пры вымаўленні яны аддзяляюцца ад слова, якое паясняюць, больш доўгай паўзай: Вось яна — дзявочая пекната (І. Шамякін).