§ 6. Правілы ўжывання дзеепрыслоўных і дзеепрыметнікавых зваротаў
Практыкаванне 71
Прачытайце, выпішыце словазлучэнні дзеепрыметнік + назоўнік, графічна пакажыце ўтварэнне дзеепрыметнікаў. Якая роля дзеепрыметнікавых словазлучэнняў у перадачы пачуцця «чалавечай» адзіноты і роспачы птушкі? Як словы журавок, быццам шкандыбаў, дарэмныя (гукі) дапаўняюць створаную пісьменнікам карціну самоты?
Жураўліны крык
Наўздагон за зніклай чарадой, з апошніх сіл перабіраючы крыламі, не дужа высока ляцеў, быццам шкандыбаў* у паветраным абшары, адсталы, падбіты журавок. Ад яго роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалобным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар. А журавель крычаў, кідаў у паветраны прастор дарэмныя гукі трывогі, махаў і махаў аслабелымі крыламі, пяўся наперад сваёй доўгай выцягнутай шыяй, але дагнаць чародку не мог (В. Быкаў).
Ці выпішаце вы з тэксту адпаведна ўмове словазлучэнні ў паветраным абшары, дарэмныя гукі? Чаму?
•Выберыце словы на правіла «Правапіс канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду другога скланення ў родным склоне». Дапоўніце ўласнымі прыкладамі. Успомніце іншыя выпадкі правапісу адпаведных назоўнікаў.