§ 5. Правілы пабудовы сказаў з аднароднымі членамі, знакі прыпынку
Практыкаванне 53
Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму і асноўную думку.
Што ні манета — каштоўнасць
Нумізматычная* калекцыя Нацыянальнага гістарычнага музея папоўнілася камплектам памятных манет серыі «Шлях Скарыны». Яны прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
На манетах прадстаўлены шэсць гарадоў Полацк Кракаў Падуя Венецыя Прага Вільня. Гэтыя гарады адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці і дзейнасці Скарыны звязанай з яго перакладам і друкаваннем Бібліі. Там адлюстраваны не толькі старадаўнія малюнкі гэтых населеных пунктаў але і знакі сімвалы якія ўвасабляюць сувязь з асветнікам. Напрыклад, на манеце з пражскай тэматыкай як сімвал Прагі і знак найвышэйшага ўздыму творчых сіл Скарыны змешчана выява знакамітага ратушнага гадзінніка «Арлой». Для таго каб сканструяваць на манеце цыферблатныя дыскі з зададзенай гадзінай астранамічнага часу, становішчам Сонца і фазай Месяца на дзень 6 жніўня 1517 года стваральнікі манеты звярнуліся да прафесійных астраномаў.
Акрамя гэтага на манетах прадстаўлена і сама Біблія ў мастацкай і тэкставай інтэрпрэтацыі Скарыны. Паказаны прыгажосць шрыфтоў разнастайнасць гравюр вытанчанасць дэкору. І ўсё гэта на невялікай па памеры манеце. Сапраўды ювелірная работа! (З часопіса «Беларусь»).
Чаму на адной з манет адлюстраваны цыферблатныя дыскі з зададзенай гадзінай астранамічнага часу, становішчам Сонца і фазай Месяца на дзень 6 жніўня 1517 года?
Запішыце другі і трэці абзацы тэксту, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.
•Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары.
Раскрыйце значэнні слоў нумізматычны, калекцыя, гравюра, ювелірны.