§ 5. Правілы пабудовы сказаў з аднароднымі членамі, знакі прыпынку
Практыкаванне 49
Прачытайце. Ці перадае назва тэксту духоўную сутнасць свята? Абгрунтуйце свой адказ. Сфармулюйце і запішыце пытанні, адказы на якія перадавалі б асноўны змест тэксту.
Растлумачце, з якой мэтай ужываюцца ў тэксце сказы з аднароднымі членамі. Выпішыце сказ з аднароднымі членамі, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Гонар — роднаму слову, павага — кнізе
Дзень беларускага пісьменства, які адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня, з’яўляецца нацыянальным святам Рэспублікі Беларусь. Канцэпцыя свята заключаецца ў адзінстве беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа, у адлюстраванні гістарычнага шляху пісьменнасці ў Беларусі.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства ладзіцца ў гарадах з глыбіннай гісторыяй, авеянай легендамі ды паданнямі, адзначаецца дзеля папулярызацыіс набыткаў айчыннай пісьмовай культуры, захавання пераемнасці духоўных традыцый Беларусі. Прысвечана гэта свята жывому слову, удзельнікам працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў, усім тым, хто шануе родную мову і ўзбагачае нацыянальную культуру. Лічыцца, што інтэлектуальную эліту нацыі фарміруюць адукацыя, інфармацыя і культура. Таму невыпадкова, што свята супадаес з пачаткам новага навучальнага года. Традыцыйна і тое, што Дзень беларускага пісьменства штогод мяняе сваю сталіцу.
Упершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў 1994 годзе ў ... .
Затым сталіцамі свята станавіліся ... .
У 2020 годзе інтэлектуальную эліту краіны прымалі ... .
У тых мясцінах, дзе праходзіла свята, заставаліся помнікі і памятныя знакі. Так, у 1996 годзе ўрачыста адкрыты помнік ... .
У 2001 годзе ў Мсціславе быў пастаўлены помнік ... .
У 2003 годзе — ... .
У 2004 годзе — ... .
У 2006 годзе — ... .
У 2009 годзе — ... .
У 2020 годзе адноўлены будынак ... (Паводле Г. Мезенкі).
З дапамогай малюнка і інтэрнэт-матэрыялаў закончыце сказы, выдзеленыя курсівам.
З мэтай падагульнення інфармацыі дапішыце сказ Дзень беларускага пісьменства — гэта свята тых ... .
Прапануйце і абгрунтуйце свой выбар месца правядзення Дня беларускага пісьменства ў будучыя гады. Якімі культурна-гістарычнымі набыткамі славіцца горад (мястэчка, вёска), які вы абралі? Якія культурныя мерапрыемствы ў межах свята вы прапануеце? Каго з айчынных дзеячаў культуры, навукі, мастацтва вы запросіце на Дзень беларускага пісьменства? Якія беларускія сувеніры вы падрыхтуеце да свята? Якія беларускамоўныя песні будуць гучаць у гэты дзень?