§ 42-1. Трансгенныя жывёлы. Генадыягностыка і генатэрапія. Клетачная інжынерыя
Генвдыягностыка і генатэрапія. Сучасная малекулярная біялогія стварае асновы для паспяховага вырашэння праблемы спадчынных захворванняў чалавека. *Распрацаваныя метады аналізу геномаў і атрымання трансгенных жывёл цалкам прымянімы і да чалавека як прадстаўніка класа Млекакормячыя. У цяперашні час людзі, якія плануюць уступленне ў шлюб, маюць магчымасць вызначыць у сябе наяўнасць генаў, што могуць прывесці да спадчынных хвароб іх будучых дзяцей. Такая генадыягностыка дапамагае прыняць рашэнне пра стварэнне сям'і і планаваць нараджэнне дзіцяці.*
*Генадыягностыка дазваляе таксама вызначыць некаторыя патэнцыяьныя здольнасці чалавека. Напрыклад, бацькам дзяцей, якія займаюцца спортам, у пэўны перыяд трэба рашаць складанае жыццёвае пытанне: ці можа дзіця стаць паспяховым прафесіянальным спартсменам? У лабараторыі генадыягностыкі магчыма правесці аналіз на наяўнасць генаў, ад якіх залежаць поспехі ў тым ці іншым відзе спорту.*
Звесткі пра мутантныя гены, якія вызначаюць спадчынныя хваробы, увесь час назапашваюцца ў адпаведных базах даных. Гэта дазваляе з выкарыстаннем трансгенных лабараторных жывёл мадэляваць спадчынныя захворванні людзей і на аснове гэтага распрацоўваць метады аказання дапамогі. Сутнасць так званай генатэрапіі заключаецца ў замене дэфектнага гена, які прыводзіць да хваробы, на нармальны. Для гэтага можна выкарыстоўваць два асноўныя падыходы.
У першым выпадку ДНК, якая нясе нармальны ген, уводзяць непасрэдна ў тканкі пэўных органаў чалавека, што мае спадчынную паталогію. У другім выпадку з паталагічна змененага органа чалавека хірургічна здабываюць невялікую колькасць клетак. Увядзенне ДНК з нармальным генам ажыццяўляюць у лабараторных умовах, размнажаюць клеткі, якія атрымалі нармальны ген, на пажыўных асяроддзях і затым уводзяць гэтыя клеткі ў адпаведны орган пацыента.
Абодва падыходы выкарыстоўваюцца ў дачыненні толькі да тых органаў, у якіх адбываецца пастаяннае аднаўленне клетак. Поспех лячэння залежыць ад таго, наколькі эфектыўна будзе адбывацца замена зыходных дэфектных клетак на клеткі, якія нясуць нармальны ген.