§ 15. Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях у сярэдзіне ХІІІ ст. — першай палове ХVI ст.
4. Складванне станаў-саслоўяў феадальнага грамадства
Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях суправаджалася падзелам грамадства на саслоўі. У Вялікім Княстве Літоўскім для абазначэння саслоўяў ужывалі тэрмін «стан». Пад станамі-саслоўямі ў феадальным грамадстве разумеліся групы людзей, якія мелі аднолькавае прававое становішча. Склаліся яны ў XVI ст. Да гэтага часу ішоў працэс іх станаўлення.
У XVI—XVIІІ стст. пануючым, прывілеяваным саслоўем у Вялікім Княстве Літоўскім была шляхта. Толькі ёй належала выключнае права на валоданне зямлёй. Вялікія князі ў прывілеях ад 1387, 1432, 1434 гг. гарантавалі шляхце права ўласнасці на свае маёнткі. Таксама прадстаўнікі гэтага стану былі вызвалены ад большасці грашовых і натуральных павіннасцяў на карысць дзяржавы. Казімір Ягайлавіч дазволіў шляхце вяршыць суд над падданымі ў яе ўласных маёнтках. Статуты ВКЛ юрыдычна аформілі шляхту ў замкнёнае (карпаратыўнае) саслоўе.
Усіх шляхціцаў аб’ядноўваў адзін абавязак — выкананне ваеннай службы. Займацца рамяством ці гандлем лічылася для іх ганебнай справай. Людзі «простага стану» — сяляне і гараджане — маглі трапіць у шляхецкае саслоўе толькі за выключныя ваенныя ці іншыя заслугі перад дзяржавай па рашэнні вялікага князя, сойма або гетмана.
Шляхціцы былі роўнымі паміж сабой у палітычных правах. Пашыраны быў выраз: «Шляхціц шляхціцу брат». А вось у маёмасных адносінах яны істотна розніліся. Навукоўцы вылучаюць некалькі катэгорый шляхты.
У XVI—XVIІІ стст. агульная колькасць прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя складала да 8—10 % насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага.
Па сваім сацыяльна-юрыдычным становішчы да шляхты прымыкала духавенства. Гэты стан аб’ядноўваў людзей, якія займаліся выкананнем рэлігійных абрадаў і ўтваралі асобную арганізацыю (карпарацыю). У ВКЛ жылі прадстаўнікі духавенства розных хрысціянскіх канфесій: праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай і інш. У розныя часы яны займалі неаднолькавае становішча. Да канца ХVI ст. на беларускіх землях колькасна пераважала праваслаўнае духавенства. Пасля ўтварэння Віленскага біскупства сфарміравалася іерархія каталіцкіх святароў. Яны карысталіся падтрымкай з боку дзяржаўнай улады. Колькасць зямлі, якая належала каталіцкай царкве, у два разы перавышала землеўладанне праваслаўнай царквы.
Духавенства, як і шляхта, у маёмасных адносінах было неаднародным. Таксама існавалі адрозненні і па сацыяльна-маёмасным становішчы. Мітрапаліты, епіскапы, архімандрыты буйны́х манастыроў адносіліся да прывілеяванай шляхты. Ніжэйшае духавенства (святары, псаломшчыкі і інш.) найчасцей прымыкала да сялян і бедных гараджан.
Жыхароў гарадоў называлі мяшчанамі. Іх назва паходзіць ад слова «места», што ў перакладзе з польскай мовы азначае «горад». У ВКЛ тэрмін «мяшчане» замацаваўся за жыхарамі гарадоў у другой палове XV ст. Гэтае саслоўе ўключала рамеснікаў, купцоў, домаўладальнікаў і іншыя катэгорыі гараджан. Правы і абавязкі прадстаўнікоў мяшчанскага стану вызначалі Статуты ВКЛ і прывілеі вялікіх князёў аб наданні гарадам права на самакіраванне. У паселішчах з магдэбургскім правам мяшчане маглі арганізоўваць суд, выбіраць гарадскую адміністрацыю, ствараць цэхі, кантраляваць гандаль і збор падаткаў.
Як шляхта і духавенства, мяшчане ў маёмасных адносінах падзяляліся на тры асноўныя пласты.
Сяляне складалі самае шматлікае саслоўе ў краіне, якое налічвала 70 % насельніцтва. Стан аформіўся да сярэдзіны XVI ст., калі асноўная маса сялян была запрыгонена. Гэтае саслоўе складалася з пяці асноўных груп.
Сяляне, якія за карыстанне зямлёй выконвалі паншчыну, называліся «цяглымі». З адной валокі яны павінны былі выканаць 2 дні паншчыны ў тыдзень, 4 дні згонаў у год, заплаціць 21 грош чыншу, аддаць натуральны аброк (дзве бочкі аўса, адзін воз сена, адну гусь, дзве курыцы, дваццаць яек). Сяляне, якія за карыстанне зямлёй плацілі чынш, называліся «асаднымі». З адной валокі зямлі яны выконвалі 12 дзён згонаў у год, плацілі 21 грош чыншу, аддавалі аброк у тым жа памеры, што і цяглыя двары. Згонамі называліся тэрміновыя сельскагаспадарчыя работы, звязаныя, як правіла, з сенакосам і жнівом. На іх выходзілі ўсе працаздольныя члены сям’і. Сяляне-агароднікі мелі невялікія надзелы пры сядзібе, за карыстанне якімі павінны былі адпрацоўваць адзін дзень паншчыны ў тыдзень на зямлі феадала.
Сяляне-слугі ў якасці асноўнай павіннасці неслі службу: воінскую, кур’ерскую, гаспадарча-адміністрацыйную. Сярод іх вылучаліся зямяне, баяры, леснікі, асочнікі, бортнікі, ніжэйшая вясковая адміністрацыя (цівуны, сотнікі, старцы, войты і інш.). Путныя баяры неслі кур’ерскую (паштовую) службу, а панцырныя баяры — ваенную. За гэта яны атрымлівалі дзве валокі зямлі, з якіх плацілі грашовы чынш. Асочнікі ахоўвалі лясы і пушчы вялікага князя ці буйны́х феадалаў, рыхтавалі ім паляванне, самі здабывалі для панскага двара дзічыну. Да бортнікаў адносіліся сяляне, якія займаліся пчалярствам. Да слуг прымыкалі сельскія рамеснікі.
Параўнаўча невялікай колькасцю была прадстаўлена група беззямельных сялян. Іх называлі «бабылямі», «каморнікамі», «кутнікамі», «халупнікамі».
На працягу другой паловы XVI — XVIІІ ст. адбывалася паступовае збліжэнне сацыяльнага становішча розных катэгорый сялян. Напрыклад, з-за павелічэння зямельных надзелаў сяляне-агароднікі зліваліся з асноўнай масай прыгонных. Да канца XVIІІ ст. самая заможная частка сялян — баяры і зямяне — ператварылася ў чыншавых сялян, паступова зніклі адрозненні паміж асаднымі і чыншавымі сялянамі: і тыя і другія сталі спалучаць паншчыну з грашовым аброкам.
Маёмасная дыферэнцыяцыя сялян паскорылася ў XVIІ—XVIІІ стст. Самі землеўласнікі ў канцы XVIІІ ст. падзялялі сваіх падданых або на тры (багатыя, сярэднія, бедныя), або на чатыры групы (багатыя, заможныя, сярэднія, бедныя).