§ 15. Развіццё феадальных адносін на беларускіх землях у сярэдзіне ХІІІ ст. — першай палове ХVI ст.

2. Пазямельныя адносіны ў Вялікім Княстве Літоўскім

У Вялікім Княстве Літоўскім вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вялікі князь. Акрамя асабістых уладанняў ён кантраляваў дзяржаўныя землі, якія ў сярэдзіне ХVІ ст. складалі амаль палову тэрыторыі ВКЛ. За выкананне дзяржаўнай службы, удзел у абароне краіны вялікі князь перадаваў феадалам зямлю з сялянамі. Падобныя памесныя маёнткі яны атрымлівалі на розныя тэрміны — ​напрыклад, «на вечнасць», г. зн. з правам перадачы зямлі ў спадчыну жонцы, дзецям, або «да жывата», іначай кажучы, пажыццёва. Такая форма феадальнага землеўладання называецца ўмоўнай.

Побач з велікакняжацкімі ўладаннямі існавалі вотчынныя маёнткі, якія перадаваліся ў спадчыну і з’яўляліся прыватнай уласнасцю феадала. У канцы ХІV ст. такія землі складалі да 65 % тэрыторыі ВКЛ. У асноўным яны належалі нашчадкам князёў, якія паходзілі з дынастый Рурыкавічаў і Гедзімінавічаў, або былі царкоўнымі ўладаннямі.

На зямлі феадалаў працавалі залежныя сяляне. Сям’я селяніна з сядзібай, інвентаром і зямельным надзелам складала асобны двор, які ў той час называлі дымам. Дымы адной вёскі ўтваралі абшчыну, або грамаду. У яе агульным карыстанні меліся сенакосы, дадатковыя ворыўныя землі. Грамада несла адказнасць перед феадалам за выкананне павіннасцяў пры дапамозе кругавой парукі і копнага суда. Члены грамады на сельскім сходзе выбіралі сваё мясцовае кіраванне: старцаў, дзясяцкіх. Абшчына абараняла сялян ад самавольства феадалаў.

Часам сем’і разрасталіся і ўтвараліся дварышчы (10 і болей сваяцкіх сем’яў). Яны пераважалі на поўдні Беларусі — ​Палессі. Дварышчы карысталіся агульным інвентаром, сумесна вялі гаспадарку і пароўну дзялілі ўраджай. Яны маглі запрашаць да працы і прышлых людзей, якіх называлі «прымакамі», «сябрамі», «патуж­нікамі».