5. Паўночная вайна і яе наступствы
Напрыканцы XVII ст. у Еўропе пачаў фарміравацца ваенны саюз, накіраваны супраць Швецыі. У яго ўвайшлі Данія, Расія і Саксонія. Саксонскі манарх Аўгуст ІІ Моцны адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай. Ён уступіў у вайну, заручыўшыся падтрымкай шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Аўгуст ІІ абяцаў адваяваць у Швецыі страчаныя раней лівонскія землі.
Паўночная вайна пачалася для саюзнікаў няўдала. У 1700 г. шведскі кароль Карл ХІІ пры дапамозе англічан і галандцаў асадзіў Капенгаген і вывеў Данію з вайны, а таксама нанёс паражэнне расійскаму цару Пятру І пад Нарвай. Затым шведскае войска разбіла Аўгуста ІІ пад Рыгай (1701 г.) і рушыла на ВКЛ. У гэтых умовах магнаты і шляхта падзяліліся на прыхільнікаў Швецыі (Сапегі) і Саксоніі (Вішнявецкія і Агінскія). Пакуль шляхта вяла ўнутраныя спрэчкі, шведскія і расійскія войскі разгарнулі на беларускіх землях ваенныя дзеянні. У 1706 г. Карл ХІІ заняў Гародню, разрабаваў Новагародак, Слонім, Клецк, Кобрын, Ляхавічы, Пінск, спаліў Карэлічы і Мір. Аўгуст ІІ пасля шэрагу паражэнняў вымушаны быў падпісаць са шведамі мір, паводле якога адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай і ад саюза з Расіяй.
У пачатку 1708 г. армія Карла ХІІ выступіла з Польшчы ў напрамку Гародня —Менск — Магілёў, плануючы весці наступленне на Расію. Каля мястэчка Галоўчын шведы разбілі корпус А. Рапніна і занялі Магілёў. Запасы шведскай арміі вось-вось павінны былі скончыцца, таму Карл ХІІ чакаў корпус генерала А. Левенгаўпта з абозам з Рыгі. Але той спазняўся. Тады шведы рушылі ва Украіну, спадзеючыся на дапамогу гетмана Левабярэжнай Украіны Івана Мазепы. Расійскі цар Пётр І вырашыў знішчыць абоз і 28 верасня 1708 г. каля вёскі Лясная (пад Слаўгарадам) разграміў 16-тысячны корпус Левенгаўпта, пасля чаго нанёс паражэнне Карлу ХІІ пад Палтавай (чэрвень 1709 г.).
Данія, Саксонія і Расія аднавілі Паўночны саюз, а Аўгуст ІІ вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. Вайна завяршылася Ніштацкім мірам 1721 г., паводле ўмоў якога Расія атрымала Латгалію, Эстонію, Курляндыю, Інгрыю, частку Карэліі і разам з гэтымі тэрыторыямі — выхад у Балтыйскае мора. Рэч Паспалітая не прымала ўдзелу ў перамовах.