§ 12-2. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVIІ – першай палове XVIIІ ст.
4. Ліквідацыя турэцкай пагрозы
Унутранай слабасцю Рэчы Паспалітай скарысталася Асманская імперыя. У студзені 1672 г. турэцкі султан распачаў вайну. Яго шматтысячнае войска захапіла буйну́ю крэпасць Камянец і аблажыла Львоў. Становішча краіны было цяжкім. Сойм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне аб наборы шляхецкага войска.
Абарону ад турэцкай пагрозы ўзначаліў каронны гетман Ян Сабескі. У 1673 г. ён разбіў султанскае войска пад Хоцінам, за што атрымаў мянушку «хоцінскі леў». Пасля смерці караля Міхала Вішнявецкага гетмана выбралі новым манархам Рэчы Паспалітай.
Паступова ў вайну супраць Асманскай імперыі ўцягваліся суседнія краіны, у тым ліку і Расія. У чэрвені 1683 г. велізарнае турэцкае войска пад камандаваннем Кара-Мустафы ўварвалася на тэрыторыю Аўстрыі і падышло да Вены. На дапамогу аўстрыйцам прыйшоў Ян ІІІ Сабескі. 12 верасня 1683 г. адбылася пераможная бітва пад Венай, якая спыніла турэцкую агрэсію ў Еўропе.