§ 12-2. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVIІ – першай палове XVIIІ ст.

3. «Патоп» 1655—1660 гг.

У 1655—1660 гг. Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане вайны са Швецыяй. Гэты канфлікт польскія гісторыкі называюць «першай Паўночнай вайной», або «патопам». Шведскі кароль Карл Х Густаў пры падтрымцы Прусіі заняў у ліпені — кастрычніку 1655 г. амаль усю тэрыторыю Кароны. На яго бок масава перайшлі магнаты і шляхта пратэстанцкага веравызнання.

У ВКЛ стрыечныя браты пратэстанты Януш і Багуслаў Радзівілы падпісалі са шведскім каралём унію, якая прадугледжвала перадачу Княства пад кантроль Швецыі. Акт уніі падпісалі ў жніўні 1655 г. у мястэчку Кейданы (зараз Кедайняй у Літве) больш за тысячу прадстаўнікоў шляхты.

Зварот да Швецыі не быў падтрыманы большасцю магнатаў ВКЛ. Яны захавалі вернасць Люблінскай уніі і каралю Яну ІІ Казіміру Вазе. Братоў Радзівілаў не падтрымала большая частка шляхецкага войска, якая выступіла за захаванне саюза з Польшчай. Барацьбу з прыхільнікамі Кейданскай уніі ўзначаліў віцебскі ваявода Павел Сапега. Радзівілы пацярпелі паражэнне.

Кароль Рэчы Паспалітай заклікаў шляхту да масавага выступлення супраць шведаў. Актыўныя ваенныя дзеянні разгарнуліся пад Варшавай, Берасцем, а затым і Капенгагенам. Данія падтрымала Рэч Паспалітую.

Вайна завяршылася Аліўскім мірам, паводле якога Ян ІІ Казімір Ваза больш не прэтэндаваў на шведскі трон. Швецыя замацавала за сабой прыбалтыйскія землі, размешчаныя на поўнач ад Заходняй Дзвіны. Прусія стала поўнасцю незалежнай ад Рэчы Паспалітай краінай.

Войны сярэдзіны XVII ст. мелі трагічныя наступствы для беларускіх зямель, што знаходзіліся ў стане эканамічнай разрухі, якая дапаўнялася рэзкім скарачэннем насельніцтва. Аслабла каралеўская ўлада і пашырыўся ўплыў магнатаў. У Рэчы Паспалітай узмацніліся ганенні на некатолікаў, што прывяло да скасавання рэлігійнай цярпімасці. Усё гэта садзейнічала працягламу крызісу дзяржавы.