Самае важнае ў Раздзеле 1

Заданні для самастойных даследаванняў

1. Падрыхтуйце інтэрактыўную прэзентацыю (флаер, плакат, рэферат) аб дзейнасці выдатных фізікаў (Г. Галілей, Х. Гюйгенс). 

2. Падрыхтуйце інтэрактыўныя прэзентацыі на тэмы: «Выкарыстанне ультрагукавых хваль у медыцыне, тэхніцы, побытавых прыборах», «Шум і яго ўздзеянне на чалавека», «Інфрагук — прымяненне і барацьба з ім»

3. Калі назіраць за качкай, якая плыве ў сажалцы (мал. 49, а), ці з вышыні за катарам, які рухаецца па паверхні возера (мал. 49, б), то можна заўважыць, што ствараемыя імі хвалі разыходзяцца пад некаторым вуглом да напрамку руху качкі (катара). Растлумачце гэту з’яву і вызначыце, як залежыць вугал разыходжання хваль на вадзе ад скорасці качкі (катара).


4. Часткова напоўніце вадой бакал, намачыце вадой палец і акуратна вадзіце ім па краі бакала (мал. 50). Праз некаторы час бакал пачне звінець. Змяняючы ўзровень вады ў бакале, можна дабіцца змянення вышыні гуку. Растлумачце гэту з’яву і падбярыце ўзроўні вады так, каб гучанне бакала адпавядала музычным нотам. Ці можна сыграць на такіх бакалах простую мелодыю?


5. Калі злучыць донцы дзвюх пластыкавых шклянак (або бляшанак) ніткай (мал. 51) і нацягнуць яе, то ўтворыцца так званы «струнны тэлефон». Вывучыце залежнасць інтэнсіўнасці гуку ў «струнным тэлефоне» ад даўжыні ніткі і сілы яе нацяжэння.

6. З'ява рэверберацыі гуку ўзнікае ў замкнутай прасторы пры яго шматразовым адбіцці ад паверхняў сцен, у выніку чаго ўзнікае вялікая колькасць рэха. Гук пры гэтым павольна згасае па прычыне паглынання сценамі і паветрам. Вызначыце, як змяняецца пры гэтым інтэнсіўнасць гуку з цягам часу. 

7. У галерэях, што «шэпчуць», якія ўяўляюць сабой будынкі кругавой канструкцыі вялікага радыусу (мал. 51-1), шэпт, вымаўлены стоячы тварам да сцяны з аднаго боку будынка, выдатна чутны на яго процілеглым баку. Даследуйце і растлумачце гэту з'яву.


8. На грунтовых дарогах пры руху аўтамабіляў праз некаторы час утвараецца добра прыкметная «гафрыраваная» паверхня ў выглядзе хваль некаторай даўжыні (мал. 51-2). Растлумачце гэту з'яву і вызначыце, як утвараюцца падобныя паверхни пры руху аўтамабіляў.


9. Калі напоўніць вадой ванну або ракавіну, дастаць корак і змясціць пластыкавы шарык над зліўной адтулінай (мал. 51-3), то з цягам часу пры выцяканні вады шарык пачне вагацца. Апішыце гэту з'яву і эксперыментальна вызначыце перыяд такіх ваганняў шарыка


10.Калі хутка вярцець па акружнасці кавалак вяроўкі (напрыклад, нейлонавай) з невялікім грузікам, прымацаваным на яе канцы (мал. 51-4), то ўзнікае характэрны гук. Вывучыце прычыны ўзнікнення гэтых гукавых ваганняў і вызначыце, як іх частата і амплітуда залежаць ад скорасці вярчэння грузіка.