§ 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі
7. Першыя звесткі аб старажытным насельніцтве на тэрыторыі Беларусі
Першыя пісьмовыя звесткі аб насельніцтве беларускіх зямель сустракаюцца ў антычных гісторыкаў і географаў, найперш старажытнагрэчаскіх.
Сярод антычных аўтараў вылучаецца Герадот, якога называюць «бацькам гісторыі». Сваю чацвёртую кнігу «Гісторыі» ён прысвяціў агляду зямель, якія знаходзяца на поўнач ад Чорнага мора. Герадот пісаў аб неўрах і андрафагах: «…Вышэй алазонаў жывуць скіфы-земляробы, якія сеюць хлеб … на продаж. Вышэй іх жывуць неўры, а краіна, што ляжыць на поўнач ад неўраў … не заселеная людзьмі…».
У ХІХ ст. даследчыкі сталі актыўна шукаць месца пражывання герадотавых неўраў. Хтосьці лічыў іх радзімай раку Нараў у Польшчы (П. Ё. Шафарык), некаторыя вучоныя лічылі месцам размяшчэння гэтых плямён беларускія землі (П. М. Шпілеўскі). Пазней археолагі сталі атаясамліваць неўраў з плямёнамі, якія ў VIII—III стст. да н. э. пражывалі на паўднёвым усходзе Беларусі. Беларускі археолаг С. Я. Расадзін удакладніў, што неўры знаходзіліся каля ракі Гарынь (Брэсцкая вобласць).
Пра андрафагаў Герадот пісаў: «З усіх людзей андрафагі маюць найбольш дзікунскія норавы: яны … не маюць ніякіх законаў. Яны праводзяць вандроўнае жыццё, носяць вопратку, падобную на скіфскую, але маюць асобную мову; яны адны з гэтых плямён ядуць людзей…». Магчыма, андрафагі — гэта частка днепра-дзвінскіх плямён, які размяшчаліся або на тэрыторыі Расіі (Смаленская вобласць), або на тэрыторыі Беларусі (Мінская вобласць).
Грэчаскі вучоны, «бацька геаграфіі» Страбон у І ст. н. э. пісаў аб плямёнах бастарнаў. Некаторыя даследчыкі суадносяць іх з зарубінецкімі плямёнамі, якія пражывалі на паўднёвым усходзе Беларусі ў канцы ІІІ ст. да н. э. — І ст. н. э. Аўтар занатаваў наступную інфармацыю: «Яны ваяўнічыя і храбрыя. Не ведаючы ні земляробства, ні жывёлагадоўлі, яны займаюцца толькі вайсковымі практыкаваннямі і думаюць толькі аб вайне».