§ 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі

3. Насельніцтва Беларусі ў каменным веку

Каля 300 тыс. гадоў назад прод­кі сучаснага чалавека пачалі асвойваць тэрыторыю Усходняй Еўропы. Пранікненне старажытных паляўнічых і збіральнікаў на беларускія землі адбывалася, магчыма, уздоўж Дняпра і Сожа. З’яўленне старажытных людзей на тэрыторыі нашай краіны ў сярэднім палеаліце лічыцца навуковай гіпотэзай, бо археалагічныя знаходкі гэтага перыяду адзінкавыя. Вучоныя знайшлі прылады працы (востраканечнікі, скрэблы) каля вёсак Абідавічы (Быхаўскі раён Магілёўскай вобл.), Свяцілавічы (Веткаўскі раён Гомельскай вобл.) і Падлужжа (Чачэрскі раён Гомельскай вобл.).

Падчас апошняга паазерскага абледзянення першабытныя людзі адышлі ў больш спрыяльныя для жыцця паўднёвыя раёны. У гэты перыяд каля рэк Прыпяць і Сож невялікія групы людзей (краманьёнцаў) засноўвалі свае паселішчы. Гэта былі паляўнічыя на мамантаў, якія ўмелі вырабляць прылады працы з крэменю і косці, будаваць трывалыя жытлы круглай і авальнай формаў з буйных касцей маманта. Каменныя прылады працы (скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і інш.) дапамагалі людзям больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы.

Існаванне краманьёнцаў на тэрыторыі Беларусі ў познім палеаліце пацвярджаецца наяўнасцю стаянак — ​каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна (24-е тыс. да н. э.) і вёскі Бердыж Чачэрскага раёна (22—21-е тыс. да н. э.). На гэтых стаянках вучоныя знайшлі ўнікальныя крамянёвыя вырабы, а таксама зубы, біўні і чэрап маманта. Паляванне на буйных жывёл і пражыванне ў раёнах, блізкіх да ледавіка, патрабавалі сумеснай працы ўсіх людзей. У гэты час склалася родавая абшчына, узніклі разнастайныя формы першабытнага мастацтва, сфарміраваліся рэлігійныя ўяўленні.

Каля 15 тыс. гадоў назад з тэрыторыі Беларусі адступіў апошні ледавік. Клімат яшчэ заставаўся халодным, але пачала распаўсюджвацца расліннасць у выглядзе лясоў. Зніклі маманты і іншыя буйныя жывёлы. На змену ім з’явіліся паўночныя алені, а за імі прыйшлі групы паляўнічых. Найбольш эфектыўнай зброяй акрамя коп’яў і гарпуноў сталі лук і стрэлы з крамянёвымі наканечнікамі. Людзі вялі сезонна-аселы лад жыцця, які быў прыстасаваны да міграцый паўночных аленяў. Паселішчы з лёгкімі наземнымі збудаваннямі, часткова паглыбленымі ў зямлю, размяшчаліся каля вады, на ўзвышшах. У гэты час людзі асвойвалі тэрыторыю Беларусі ўздоўж рэк — ​Нёмана, Прыпяці, Дняпра.

Паступова клімат цяплеў, і ў эпоху мезаліту мясцовасць набыла сучасны выгляд. Чалавек пачаў займацца індывідуальным паляваннем з дапамогай лука і стрэл, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Людзі ў гэты час жылі ў жытлах невялікіх памераў малымі сем’ямі, па 5—7 чалавек у кожнай. Сем’і аб’ядноўваліся ў родавыя абшчыны колькасцю да 30 чалавек. У канцы мезаліту зменшылася колькасць жывёл, што прывяло да крызісу паляўнічай гаспадаркі і росту аселага насельніцтва. Асноўным відам промыслаў у наступным перыядзе — ​неаліце — стала рыбалоўства.

У канцы неаліту на беларускіх землях атрымалі пашырэнне прылады працы для рубкі, сярпы, матыкі, зерняцёркі. Таксама археолагі знайшлі шмат рэшткаў керамічнага посуду. З’яўленне керамікі было абумоўлена важнымі гаспадарчымі і побытавымі зменамі. Людзі пачалі спажываць ежу, прыгатаваную ў кіпячай вадзе.

Чалавек у гэты перыяд навучыўся вырабляць вастрадонны керамічны посуд. Яго ляпілі ўручную з шырокіх гліняных стужак і абпальвалі на вогнішчы. Пераважалі гаршкі яйкападобнай формы. Пасудзіны ўпрыгожвалі арнаментам з насечак, наколаў і рысак.