§ 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі
2. Пранікненне першых людзей на тэрыторыю Беларусі: даследаванні і гіпотэзы
На абшарах Усходняй Афрыкі археолагі знайшлі самыя старажытныя рэшткі продкаў чалавека. Адтуль яны рассяляліся па ўсёй планеце. Пранікненню першых людзей на беларускія землі перашкаджалі суровыя кліматычныя ўмовы. З Арктыкі на Еўропу неаднаразова прасоўваліся ледавікі. Асобныя з іх даходзілі амаль да Чорнага мора.
Таўшчыню ледзянога панцыра нам цяжка ўявіць — яна была большай за 1000 метраў. Халодны клімат пагражаў катастрофай першабытным людзям. Але чалавек прыстасаваўся да цяжкасцяў ледавіковай эпохі.
Прыход неандэртальцаў на беларускія землі адбыўся прыкладна каля 100 тыс. гадоў назад. Каля вёсак Падлужжа Чачэрскага раёна, Абідавічы Быхаўскага раёна, Свяцілавічы Веткаўскага раёна вучоныя знайшлі некалькі крамянёвых прылад, якія могуць сведчыць аб прысутнасці неандэртальцаў на нашых землях. Доўгачасовых паселішчаў не выяўлена, што тлумачыцца суровымі кліматычнымі ўмовамі.
Прыкладна 35 тыс. гадоў назад з’явіліся людзі сучаснага тыпу, або краманьёнцы. Вядомы два самых старажытных пасяленні краманьёнцаў на тэрыторыі Беларусі: каля вёскі Юравічы (Калінкавіцкі раён) і каля вёскі Бердыж (Чачэрскі раён).