§ 0-30. Займеннік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Разрады займеннікаў. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля займеннікаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў

Практыкаванне № 292-2

Спішыце тэкст, выбіраючы патрэбныя формы займеннікаў, прыведзеных у дужках. Абгрунтуйце свой выбар.

Каб цябе... Каб табе...

У аповесці Янкі Брыля «Ніжнія Байдуны» даецца аўтарская характарыстыка дыялогу цёткі Юсты з дзядзькам Захарам: «Злосці ў той лаянцы не было. Была нават паэзія, хай (сабе/сябе) грубая, але ж і хлёсткая. Я мог налічыць колькі хочаш гэтых праклёнаў: “Што ты там дзяўбеш, каб (цябе/табе) крумкач вочы выдзеўб!”, “Колькі ты сыпаць будзеш, каб (цябе/табе) губы абсыпала!”, “Чаго ты сядзіш, каб ты каменем (або крыцаю) сеў!”, “Чаму ты не едзеш, каб ты бокам ездзіў!”, “Распеліся тут пад акном, каб вы пелі на хлеб!” І так — бясконца».

Януш Няміга ў кнізе «Алтар стала» заўважае, што словамі каб цябе, каб табе «пачынаюцца не толькі праклёны, на якія так багата народная мова (Каб (цябе/табе) агонь спаліў! Каб (цябе/табе) чэрці ўхапілі! Каб (цябе/табе) смуткі ўзялі!), але і шматлікія жартаўлівыя пажаданні — нібыта тосты. Колькі разоў даводзіласяс чуць: Каб (цябе/табе) і ўночы сонейка ззяла! Каб (цябе/табе) ліха абышло ціха! Але найперш: Каб быў ты здаровы, як дуб скарбовы!»

• Творы якіх фальклорных жанраў заснаваны на веры чалавека ў магічную сілу слова? Прывядзіце прыклады такіх твораў, пры неабходнасці звярніцеся да двухтомнай энцыклапедыі «Беларускі фальклор» (2005, 2006).
Вызначце разрад ужытых у тэксце займеннікаў.
• Прывядзіце прыклады ўстойлівых параўнанняў з кампанентам здаровы як ... .