Раман «Людзі на балоце»

Пытанні

1. Разгледзьце кампазіцыю Валерыя Кандраценкі «Людзі на балоце».
Ці адпавядае яна тэме мастацкага твора? Як бы вы перадалі гэту тэму ў скульптуры?
2. Як раскрываецца характар Васіля праз апісанне яго знешнасці, думак, перажыванняў?
Якім паўстае Васіль у адносінах да маці, дзеда, брата, Ганны?
3. Разгледзьце франтыспіс выдання рамана 1987 года.
Які момант адлюстраваны на малюнку?
Чаму, на вашу думку, ілюстратар выбраў менавіта гэту сцэну?
Як змяніўся статус героя пасля сцэны касьбы?
4. Чаму паміж Васілём і Яўхімам узнікла спрэчка за зямлю?
Якія матывы для яе былі ў кожнага героя?
Ці згодны вы з думкай Віктара Каваленкі, што Васіль — гэта ў будучым той самы Глушак?
5. Ці сапраўднае было каханне Васіля да Ганны?
Іх расстанне — выпадковасць або заканамернасць?
Выкажыце ўласнае меркаванне.
6. У чым выяўляецца жыццёвае крэда Глушака?
Чаму ў тэксце даецца партрэт героя на фоне самага вялікага ў Куранях гумна?
Як раскрываецца Халімон у працы?
7. Складзіце пералік эпітэтаў, якімі вы маглі б ахарактарызаваць старога Глушака.
Узгадайце сітуацыі, у якіх выяўляецца яго характар.
Арганізуйце дыскусію «Халімон Глушак — станоўчы або адмоўны персанаж?».
8. Паразважайце, што збліжае і што адрознівае бацьку і сыноў — Яўхіма і Сцяпана.
Чаму стары Глушак называе «бацькавым насеннем» толькі Яўхіма?
9. Чаму аўтар паказвае Ганну праз успрыманне розных людзей?
Якой бачаць яе бацька, Васіль, Яўхім, сам аўтар?
Якую партрэтную дэталь і чаму настойліва паўтарае Іван Мележ у апісанні гераіні?
10. Чым адрозніваюцца паводзіны, думкі і перажыванні Ганны ад паводзін Васіля ў сцэне з бандытамі?
11. Не захацела ці не змагла Ганна зрабіць інакш, калі пайшла замуж за Яўхіма?
Чаму?
Якой асобай — моцнай ці слабай — можна лічыць гэту гераіню?
12. Як вы думаеце: Ганна пераможца або ахвяра абставін?
Абгрунтуйце сваю пазіцыю.
13. Разгледзьце кадры з мастацкага фільма «Людзі на балоце» (1981, рэжысёр Віктар Тураў, «Беларусьфільм») і сцэну са спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Ці супадае ўяўленне пра герояў у аўтара аповесці і рэжысёраў?
Паразважайце, чаму немагчыма замяніць чытанне кнігі праглядам фільма або спектакля.
Як вы лічыце, ці будзе мець поспех у сучаснага гледача новая экранізацыя твора Івана Мележа або серыял па яго матывах?
Аргументуйце адказ.
14. Выканайце заданне «Хвіліна маўлення» па творчасці Івана Мележа.
15. Знайдзіце ў творы апісанні прыроды ў розныя поры года.
Як выяўляюць пейзажныя карціны душэўны стан персанажаў і рух іх пачуццяў?
Каго з герояў не цікавіць прырода?
Як гэта іх характарызуе?
16. Разгледзьце фотаздымак палескай вёскі, зроблены ў тыя ж гады, калі развіваецца дзеянне ў «Палескай хроніцы».
Як прырода паўплывала на штодзённыя заняткі палешукоў?
Наколькі праўдзіва апісвае аўтар клопаты куранёўцаў?
17. Якая трагедыя закранула прыроду беларускага Палесся ў 1986 годзе?
Чаму звесткі пра побыт і культуру гэтага рэгіёна, захаваныя ў раманах Мележа, сталі надзвычай каштоўнымі?
18. Стварыце макет старонкі Васіля Дзятла (або іншых герояў), якой яна магла б быць у сацыяльных сетках, прадумайце посты, рэпосты, склад сяброў (падпісчыкаў), ілюстрацыйную частку.
Вызначцеся, якая платформа найлепш падыдзе для вашай мэты («УКантакце», Facebook, Instagram, Pinterest, TikTok-канал і інш.).
19. Пазнаёмцеся з вершам Пімена Панчанкі «Зямля бацькоў» («А на Палессі ўсё нядробна…»).
Якія радкі з гэтага верша маглі б стаць тэмай вечарыны, прысвечанай творчасці Івана Мележа?
Якія — эпіграфам да сачынення па рамане «Людзі на балоце»?
20. Напішыце сачыненне-разважанне «Не жыццё гэта, калі не любіш, калі ў душы нянавісць адна…» (Вобраз Ганны), «Вобразы-сімвалы ў “Палескай хроніцы” Івана Мележа і рамане “Пошукі будучыні” Кузьмы Чорнага», «Трагедыя “вялікага пералому” ў адлюстраванні Івана Мележа і Міхася Зарэцкага» або на вольную тэму (на выбар).
21. Вывучыце на памяць урывак з рамана Івана Мележа «Людзі на балоце » (са слоў «Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна...», заканчваючы словамі «...так і відаць — маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!»).
* 22. Выкажыце ўласнае меркаванне наконт выказвання Марыі Верціхоўскай: «Ганнай, якая парывае з нялюбым і ўгаворвае Васіля зрабіць тое ж самае, можна захапляцца, як захапляешся Таццянай (“Яўгеній Анегін”) за яе “но я другому отдана и буду век ему верна”. 
Учынкі гераінь у падобных сітуацыях (жыццё з нялюбым і магчымасць быць з каханым) розныя, а адносіны да гераінь аднолькавыя — захапленне».
Падмацуйце адказ эпізодамі твора.
* 23. Прыгадайце назвы ўсіх раманаў «Палескай хронікі» — напісаных і запланаваных.
Чаму Іван Мележ адлюстраваў у іх прыродныя з’явы?
Раскрыйце сэнс кожнай з іх.
Якая, на вашу думку, самая драматычная?