Раман «Людзі на балоце»
* Чалавек і прырода ў творы
Хроніка жыцця Куранёў пачынаецца так: «Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся нi марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы».
Як бачым, палеская прырода далёкая ад ідыліі. Нягледзячы на гэта, куранёўцы любілі свой родны кут. Жыццё i праца тут былі цяжкія, але ў нейкіх сваіх гранях не пазбаўленыя i своеасаблівай паэзіі — прыгажосці лесу, поля, сенажаці.
У рамане шмат маляўніча выпісаных сцэн: перадсенакосная летняя раніца, жнівеньскі гарачы поўдзень, першыя зазімкі, зімовыя адвячоркі. Але, бадай, самая паэтычная карціна — «маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна», якая аднойчы неспадзявана «апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў». Сціплае і непрыкметнае дрэва раптам «заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. I не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..» Пейзажныя замалёўкі выяўляюць душэўны стан герояў, з’яўляюцца адным са сродкаў раскрыцця іх унутранага свету, узмацняюць эмацыянальнае ўздзеянне на чытача.
У творы пераканаўча пацвярджаецца сувязь чалавека з прыродай, што не толькі ўзбагачае светаўспрыманне герояў, але і дапамагае ім усвядоміць сваю залежнасць ад навакольнай рэчаіснасці, набыць гармонію, неабходную для ўласнай душы і адносін да жыццёвых праяў. Велічная і мудрая прырода чуйна рэагуе на ўсе змены жыцця. У другім рамане малюецца вобраз грознай навальніцы, якая перакрэслівае звыклае жыццё куранёўцаў: маланкай спалены тры гумны, разбіты стары дуб, абвугліўся крыж, пастаўлены продкамі. Усё гэта набывае сімвалічны сэнс: «подых навальніцы» адбіўся на лёсах Ганны, Васіля, Апейкі, іншых герояў. Кожны з іх уступае ў сваю паласу жыццёвай непагадзі, трывожыцца за свае парушаныя надзеі на шчасце. Пейзажныя малюнкі ў творы — рух і абнаўленне жыцця, з’явы прыроды — гэта адначасова глыбокі роздум пра вечнае.
Літаратурныя сувязі. Мележ далёка не адзіны творца, які пісаў пра беларускія балоты. Балота стала фонам для падзей у многіх мастацкіх творах: у балотах хаваліся беларусы ў час вайны (творы Васіля Быкава, раман Віктара Казько «Бунт незапатрабаванага праху» і інш.). Балоты станавіліся месцам небяспечных прыгод для падлеткаў («Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, «Ведзьміна тоня» Валерыя Гапеева). Дрыгва стварае атмасферу хорару ў дэтэктыўных творах («Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, «Сцэнарый смерці» Максіма Клімковіча). Багна — фон для фантастычных сюжэтаў (прошча ў аповесці Алеся Наварыча «Літоўскі воўк»). Балотам прысвечана дзіцячая кніжка Алены Масла «Балотныя прыгоды». Балота, што займае вялікую частку тэрыторыі Беларусі, наклала адбітак і на гісторыю краіны (вядомы факты, калі ў час войнаў войскі ворагаў натыкаліся на непралазную дрыгву і разварочваліся), і на нацыянальны характар (балота — месца дваістае: яно, з аднаго боку, кансервуе, захоўвае тое каштоўнае, што магло б знікнуць у больш дынамічных умовах, а з другога — не спрыяе развіццю). |