Раман «Людзі на балоце»

* Драматычны лёс Ганны

Ганна Чарнушка ўвасабляе шматлікія маральна-духоўныя каштоўнасці. Сцвярджаючы іх дзейснасць, моц, хараство, Іван Мележ паэтызаваў вобраз Ганны.

У пачатку рамана паказана, як глядзяць на яе куранёўцы: яна, нібы рабіна, цвіце красой дзявочай маладосці. Гэта паэтычная паралель — працяг хараства народнага жыцця, аблічча продкаў. Невыпадкова пісьменнік падкрэсліў, што Ганна вельмі падобная да маці: «З аблічча — дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая — худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. І косы чорныя, густыя, аж блішчаць, нібы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца…».

Звяртаюць на сябе ўвагу яе «вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні», вочы, у якіх «увесь час блішчэла, ззяла няўціхнае хваляванне». Гэта партрэтная дэталь паўтараецца і вар’іруецца аўтарам вельмі часта: «...у іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах», «стомленымі вішнёвымі вачыма паглядвала яна на гасцей». Эстэтычная важкасць дэталі ў тым, што вочы ставяцца ў адзін паэтычны рад з прыроднай праявай, якая выклікае самыя чыстыя і светлыя пачуцці. Рабіна, вішня, макаў цвет (так бачыць дачку бацька) і Ганна — адна эстэтычная лінія.

Аўтар (зноў жа вачыма куранёўцаў) прыкмячаў і змены ў характары гераіні: станаўленне натуры — моцнай, незалежнай, здольнай пастаяць за сябе. Малюючы Ганну, Іван Мележ карыстаўся псіхалагічна дакладнымі назіраннямі. Заўважаецца яе пачуццё ўласнай годнасці, вытрымка, імкненне ў маральна цяжкіх сітуацыях заставацца вернай сабе, не паказваць сваё гора на людзях.  Ганна гатова ратаваць каханага ад бандыцкай расправы, бараніць яго на допыце. Але вось правялі па вуліцы арыштаванага Васіля, які нават не адгукнуўся на яе шчырыя словы… І яна, вяртаючыся ў свой двор, «ішла дахаты, з выгляду спакойная, паважная, ішла так, як і належала ёй ісці. Ні разу не азірнулася, нават не паглядзела, куды яго павялі».

Іван Мележ любуецца Ганнай-працаўніцай, якая завіхаецца па гаспадарцы, працуе на полі, дапамагае бацьку ў гумне. Усялякая справа ладзіцца ў яе руплівых руках. Дзяўчына не па ўзросце мудра ставіцца да спрадвечных жыццёвых каштоўнасцей: паважае бацькоў, слухаецца ix ва ўсім. Яна выходзіць замуж за Яўхіма, падпарадкоўваючыся жаданню родных, спадзеючыся на спрадвечнае «сцерпіцца — злюбіцца». Яе развагі-маналогі пра замужжа шчымлівыя і праўдзівыя, як само жыццё.

Далейшы лёс гераіні складаны і супярэчлівы: жыццё ў хаце Карчоў, страта любай дачушкі, спатканні з Васілём і надзея на вяртанне радасцей маладосці. Усё гэта патрабуе ад Ганны мужнасці, цярплівасці, самаахвярнасці.

Пісьменнік перадаў увесь драматызм Ганніных перажыванняў, выкліканых смерцю Верачкі. Ёй вельмі цяжка яшчэ i ад каменнай абыякавасці Глушакоў. «Бог даў — бог узяў» — вось ix рэакцыя на гэту трагічную падзею, якая ўзмацніла нелюбоў Ганны да Яўхіма і, здаецца, канчаткова вырашыла яе адносіны да мужа. Пакідаючы чужую ёй сям’ю Карчоў, гераіня застаецца вернай сабе і сваім жыццёвым прынцыпам.

Для Ганны віхура, якая пранеслася над скошаным балотам, з першых і да апошніх старонак рамана «Подых навальніцы» застаецца сімвалам страшэннага асабістага гора, выяўляе ўсю цяжкасць яе заблытанага лёсу, што прымусіў жыць з нялюбым чалавекам, цярпець яго здзекі, скарыцца. Грамадскія падзеі, «асветленыя» навальніцай, праходзяць міма Ганны і пакуль што далёкія ад яе. Гераіня абыякавая да іх, як шолахаўская Аксіння (раман «Ціхі Дон»), замкнёная ў асабістым «я».

«Палескую хроніку» Мележ не скончыў. Але ў нататніках пісьменніка засталіся запісы, якія дазваляюць меркаваць, што здарылася з галоўнымі героямі. Так, Ганна Чарнушка ўрэшце звязала б свой лёс не з Васілём, Яўхімам або з Башлыковым (раман «Завеі, снежань»), а з былым чырвонаармейцам Міканорам. Тым самым, які асабліва настойліва агітаваў аднавяскоўцаў будаваць грэблю. Згодна з Мележам, урэшце абраннік Ганны зрабіў бы крок, які заслужыў павагу аднавяскоўцаў. Калі нейкі начальнік хацеў пакінуць калгаснікаў без хлеба, Міканор «здаў нарыхтоўкі. Выдзеліў насенне. А ўсё астатняе размеркаваў. І дачакаўся пракурора».

Дарэчы, Лідзія Пятрова-Мележ пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны або пачуцці паміж іх дзецьмі. Але пісьменніцкім планам так і не было наканавана ажыццявіцца.