Раман «Людзі на балоце»
* Раскрыццё псіхалогіі заможных сялян
Вобраз гаспадара ў рамане выяўляецца не толькі ў паказе Васіля Дзятліка, а таксама іншых «людзей на балоце»: Нібыто-Ігната, Дамеціка, Цімоха Чарнушкі. Разам з тым пісьменнік глыбока раскрывае сацыяльную прыроду вясковага багацея Халімона Глушака, тлумачыць яе з пазіцый не толькі грамадства, але і канкрэтнай асобы. Іван Мележ у рамане не спяшаецца адназначна асуджаць уласніцтва як з’яву, а абгрунтоўвае натуральнае жаданне і права чалавека мець нешта сваё, карыстацца плёнам сваёй штодзённай непасільнай працы. Заўсёды, усё жыццё, Халімон пры гаспадарцы: «Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, i сам хвіліны не пастаяў, i другім стаяць не даў».
Куранёцы ўспрымаюць яго як коршака, павука, гадзюку, старога ліса, усе думкі якога скіраваны на багацце, што асляпляе яго, пазбаўляе чалавечнасці. Але ў героі «з тхарыным» позіркам глыбока схаваных вачэй аўтар імкнуўся паказаць не толькі прагу да матэрыяльнага.
Каб глыбей раскрыць вобраз Халімона Глушака, пісьменнік зрэдку пакідаў яго адзін на адзін з успамінамі, «як год за годам, можна сказаць, усё жыццё гнуўся, выжыльваўся дзеля сваёй зямлі». Глушак — няшчасны чалавек, бо «долю сваю, можна сказаць, знявечыў праз гэта: з-за пасагу ж пабраўся з няўдаліцай Лантуховай Кулінай. Гнілога Лантуха, бацьку яе, усцёг сабе на шыю, каб прылічыць да сваіх блішчастыя лантухоўскія залатоўкі».
Пісьменнік бачыў у сваім героі чалавека, які шмат зведаў, перажыў, перадумаў: «дзеля тае зямелькі» стаў лепшым гаспадаром у Куранях, дамогся багацця — даволі шмат зямлі, сельскагаспадарчыя машыны, лішкі хлеба. У яго гумне пануе незвычайная чысціня. Робіць ён усё «не хапаючыся, паважна, нават урачыста». Але ці стаў ён шчаслівым? Пакутліва перажывае Халімон павевы новага часу. Таму і шукае герой паратунку ў працы.
Пры ўсёй супярэчлівасці характару Глушак не проста Корч, які трымаецца за зямлю ўсімі каранямі, а селянін-працаўнік, якому цяжка пазбавіцца сваіх прынцыпаў. Уся яго надзея на прадаўжэнне роду: «Бацькава насенне!» — з задавальненнем гаворыць ён пра сына Яўхіма. Але той больш «ахвочы да жыццёвых уцех», праца для яго не ў радасць. Ён гатовы паздзекавацца са слабейшага, прадэманстраваць перад усімі сваю перавагу. У партрэтах героя абсалютны лоск: блішчасты казырок, фарсістае галіфэ, прылізаны чуб, твар, як памазаны салам, масляністыя вочкі… Найбольш эстэтычна знішчальным з’яўляецца наступнае назіранне: «Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе, сам такі ж гладкі, дужы, як конь». Гэта параўнанне падкрэслівае недахоп чалавечнасці, духоўнасці ў героя, яго арыентацыю на сілавыя дзеянні, што даволі часта паказваецца на старонках твора.
У мележаўскіх чарнавых распрацоўках вобразаў ёсць запіс: «Васіль прывязаны да зямлі больш, чым Яўхім». I гэта слушна. Не можа Яўхім стаць сапраўдным гаспадаром, працягнуць бацькаву справу, бо не з ласкай, як Васіль, ставіцца да зямлі. Ён не марыў пра яе ўсё жыццё, не выпакутаваў яе, як Васіль, — атрымаў задарма. Таму і не мае зямля для Яўхіма ніякай каштоўнасці, а з’яўляецца выключна сродкам дабрабыту.
Удумліва і разам з тым празорліва Кузьма Чорны пісаў: «А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы на свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме, і не абы-як прыме. Бо, можна сказаць, яна заўсёды гатова для чалавека, ― прыйшоў да яе, не пашкадуй для яе поту, рук, і яна табе аддзякуе...» |
|