Раман «Людзі на балоце»

* Раскрыццё псіхалогіі заможных сялян

Вобраз гаспадара ў рамане выяўляецца не толькі ў паказе Васіля Дзятліка, а таксама іншых «людзей на балоце»: Нібыто-Ігната, Дамеціка, Цімоха Чарнушкі. Разам з тым пісьменнік глыбока раскрывае сацыяльную прыроду вясковага багацея Халімона Глушака, тлумачыць яе з пазіцый не толькі грамадства, але і канкрэтнай асобы. Іван Мележ у рамане не спяшаецца адназначна асуджаць уласніцтва як з’яву, а абгрунтоўвае натуральнае жаданне і права чалавека мець нешта сваё, карыстацца плёнам сваёй штодзённай непасільнай працы. Заўсёды, усё жыццё, Халімон пры гаспадарцы: «Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, i сам хвіліны не пастаяў, i другім стаяць не даў».

Куранёцы ўспрымаюць яго як коршака, павука, гадзюку, старога ліса, усе думкі якога скіраваны на багацце, што асляпляе яго, пазбаўляе чалавечнасці. Але ў героі «з тхарыным» позіркам глыбока схаваных вачэй аўтар імкнуўся паказаць не толькі прагу да матэрыяльнага.

Каб глыбей раскрыць вобраз Халімона Глушака, пісьменнік зрэдку пакідаў яго адзін на адзін з успамінамі, «як год за годам, можна сказаць, усё жыццё гнуўся, выжыльваўся дзеля сваёй зямлі». Глушак — няшчасны чалавек, бо «долю сваю, можна сказаць, знявечыў праз гэта: з-за пасагу ж пабраўся з няўдаліцай Лантуховай Кулінай. Гнілога Лантуха, бацьку яе, усцёг сабе на шыю, каб прылічыць да сваіх блішчастыя лантухоўскія залатоўкі».

Пісьменнік бачыў у сваім героі чалавека, які шмат зведаў, перажыў, перадумаў: «дзеля тае зямелькі» стаў лепшым гаспадаром у Куранях, дамогся багацця — даволі шмат зямлі, сельскагаспадарчыя машыны, лішкі хлеба. У яго гумне пануе незвычайная чысціня. Робіць ён усё «не хапаючыся, паважна, нават урачыста». Але ці стаў ён шчаслівым? Пакутліва перажывае Халімон павевы новага часу. Таму і шукае герой паратунку ў працы.

Пры ўсёй супярэчлівасці характару Глушак не проста Корч, які трымаецца за зямлю ўсімі каранямі, а селянін-працаўнік, якому цяжка пазбавіцца сваіх прынцыпаў. Уся яго надзея на прадаўжэнне роду: «Бацькава насенне!» — з задавальненнем гаворыць ён пра сына Яўхіма. Але той больш «ахвочы да жыццёвых уцех», праца для яго не ў радасць. Ён гатовы паздзекавацца са слабейшага, прадэманстраваць перад усімі сваю перавагу. У партрэтах героя абсалютны лоск: блішчасты казырок, фарсістае галіфэ, прылізаны чуб, твар, як памазаны салам, масляністыя вочкі… Найбольш эстэтычна знішчальным з’яўляецца наступнае назіранне: «Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе, сам такі ж гладкі, дужы, як конь». Гэта параўнанне падкрэслівае недахоп чалавечнасці, духоўнасці ў героя, яго арыентацыю на сілавыя дзеянні, што даволі часта паказваецца на старонках твора.

У мележаўскіх чарнавых распрацоўках вобразаў ёсць запіс: «Васіль прывязаны да зямлі больш, чым Яўхім». I гэта слушна. Не можа Яўхім стаць сапраўдным гаспадаром, працягнуць бацькаву справу, бо не з ласкай, як Васіль, ставіцца да зямлі. Ён не марыў пра яе ўсё жыццё, не выпакутаваў яе, як Васіль, — атрымаў задарма. Таму і не мае зямля для Яўхіма ніякай каштоўнасці, а з’яўляецца выключна сродкам дабрабыту.

Літаратурныя сувязі. Вельмі блізкі да Івана Мележа паводле асэнсавання тэмы зямлі Кузьма Чорны. У рамане «Зямля» ён паказаў, што яна — крыніца духоўнага жыцця, радасць існавання чалавека. Пісьменнік даводзіць, што чалавек без каранёў губляе пачуццё гаспадара. Яшчэ на самым пачатку калектывізацыі празаік перасцерагаў ад разбурэння працоўнага ўкладу дзядоў, нібы прадбачыў, што выраджэнне сялянскай прыроды, народнага светапогляду можа прынесці непапраўную бяду.

Удумліва і разам з тым празорліва Кузьма Чорны пісаў: «А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы на свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме, і не абы-як прыме. Бо, можна сказаць, яна заўсёды гатова для чалавека, ― прыйшоў да яе, не пашкадуй для яе поту, рук, і яна табе аддзякуе...»

Адзін з суседзяў Івана Мележа для аховы свайго лецішча завёў сабаку. Ці то апошні быў злы па характары, ці то сабаку не кармілі і ўвесь час трымалі на прывязі, але «чацвераногі сябра» часта выў. Іван Паўлавіч не вытрымаў і папрасіў, каб сабаку кудысьці прыбралі, але сусед адмовіўся. Пісьменнік паспрабаваў знайсці ў гэтай сітуацыі свае перавагі. Часова змірыўшыся са сваім становішчам, Іван Паўлавіч пачаў прыглядацца да асобы гэтага мужчыны, каб зразумець матывацыю яго ўчынкаў. Як сцвярджаў паэт Алесь Бачыла, Мележ прызнаўся яму, што пісаў з суседа вобраз свайго Глушака з «Палескай хронікі».