Раман «Людзі на балоце»
* Творчая гісторыя, тэматыка і праблематыка «Палескай хронікі»
З другой паловы 1940-х гадоў Івана Мележа неадступна хвалявала задума стварыць вялікі раман пра роднае Палессе, якое ў яго свядомасці атаясамлівалася з усёй Радзімай, з беларускім народам.
«Хочацца, каб, чытаючы маю кнігу, вы адчулі, што я не мог не напісаць яе. …Я хацеў выканаць свой сыноўні абавязак перад бацькоўскай зямлёй, перад роднымі людзьмі; яна невыпадкова пачынаецца прысвячэннем — “Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі”» (Іван Мележ. «Жыццёвыя клопаты»). |
Першы накід — апавяданне «Хлопец і дзяўчына », у цэнтры якога — узаемаадносіны паміж Ганнай, Васілём і Яўхімам. Прага помсты вядзе Яўхіма ў Куранёўку, бо трэба разлічыцца з Васілём, які нібыта вінаваты, што на Чортавым балоце разбіта Яўхімава банда. З Васілём у Яўхіма і асабістыя рахункі — з-за Ганны. Яўхім хоча забіць Васіля, але Ганна засланяе каханага і гіне. Сюжэт урыўка падказаў назву твора — «Звер сочыць з зарасніку».
Адначасова пісьменнік пачаў працу над раманам «Час спадзяванняў», галоўным героем якога быў Валодзя Дзятлікаў, учарашні выпускнік. І ў першым, і ў другім творы падаваліся толькі асобныя эпізоды з прыватнага жыцця герояў, слаба звязаныя з падзеямі эпохі. Аўтар вырашае звярнуцца да больш ранняга перыяду ў жыцці палескай вёскі і робіць некалькі накідаў будучага твора.
Адзін з першых накідаў рамана выглядаў так: |
Сямейна-побытавыя рамкі рамана абмяжоўвалі творчыя планы аўтара. Ён імкнуўся да кнігі, героем якой быў бы народ. Акрэсліўся канфлікт твора:
З’явілася новая назва — «Туманы над багнаю».
Доўгі час Іван Мележ не мог вызначыцца з назвай будучага рамана. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», то на асобным лісце мелася аж пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве назвы: «Людзі на балоце» і «Туманы над багнай». Урэшце, перад тым як здаць нумар у набор, раман назвалі «Туманы над багнай».
Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, у апошні момант з адпачынку вярнуўся супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько. Яго адразу прызначылі дзяжурыць па нумары. Прачытаўшы карэктуру, Рылько засумняваўся: «Даволі змрочна ўсё гэта. Назва “Туманы над багнай” прыгнятае. Тут святло павінна быць, а не туманы…» Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва «Людзі на балоце» яму больш па душы: «Хай ідзе ў часопісе. Калі што — потым, можа, памяняю, як буду выдаваць асобнай кніжкай…»
Увага пісьменніка акцэнтавалася на ўслаўленні духоўнай велічы ўсяго народа, які ўсвядоміў сваю гістарычную сілу. Узніклі змены ў задуме. Выразна бачыўся цыкл твораў, прысвечаных жыццю палескай вёскі. Вымалёўвалася вялікае эпічнае палатно — «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань…» (надрукавана ў 1976 годзе), «За асакою — бераг» (накіды), «Праўда вясны» (накіды).
Раман «Людзі на балоце» аўтар пачаў як лірычны твор і называў яго лірычным раманам, а працяг трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—1930-х гадоў, праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна.
Літаратурныя сувязі. Паводле культуролага Юрыя Борава, існуе некалькі спосабаў узаемадзеяння традыцыі і наватарства — працяг традыцыі, адштурхоўванне ад традыцыі і г. д. А найвышэйшы спосаб узаемадзеяння — канцэнтрацыя традыцыі. Калі твор, які ў нацыянальнай літаратуры можа быць ці не быць прынцыпова новым, але ў ім падсумоўваецца ўсё зробленае пісьменнікамі-папярэднікамі і сучаснікамі, то ён з’яўляецца творам-канцэнтрацыяй. У сусветным літаратурным працэсе прыкладам канцэнтрацыі з’яўляецца «Сто гадоў адзіноты» калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса (яго «магічны рэалізм» быў адкрыццём для сусветнай літаратуры, але не для нацыянальнай калумбійскай, дзе ў гэтым рэчышчы пісалі і да яго). «Палеская хроніка» Івана Мележа таксама з’яўляецца прыкладам канцэнтрацыі традыцыі: у беларускай літаратуры сярэдзіны ХХ стагоддзя існавала шмат беларускіх тэкстаў пра розныя аспекты вясковага жыцця, а Мележ сваім творам падагульніў і развіў вопыт папярэднікаў. У літаратурным працэсе разгортванне пэўнай мастацкай тэмы можа ісці такім чынам: колькаснае назапашванне тэкстаў рыхтуе глебу для твора, які стане класікай. Эвалюцыю вясковай тэмы ў беларускай літаратуры можна заўважыць па некалькіх тэкстах: паэма Якуба Коласа «Новая зямля» (вёска да калектывізацыі), трылогія «Палеская хроніка» Івана Мележа (вёска часоў калектывізацыі), аповесць «Вёска» Андрэя Федарэнкі (заняпад вёскі канца 1980-х гадоў). |
З успамінаў. Пісьменнік Васіль Вітка згадваў, як аднойчы ў доме 36 на Карла Маркса, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Дома тады нікога не было. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя. «Прымчаліся пажарныя, — расказваў Вітка. — Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон, а з балкона ў кватэру… Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі дыван, займалася канапа…» Тым часам Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале цэлы і непашкоджаны ляжаў скончаны раман «Людзі на балоце». Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку. |
Пісьменнік неаднаразова станавіўся лаўрэатам літаратурных прэмій. За раман «Людзі на балоце» ў 1962 годзе Іван Мележ атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.
З успамінаў. Ствараючы раманы, Іван Мележ кіраваўся мантажна-кінематаграфічным прынцыпам. Янка Скрыган згадваў: «...Мележ можа пісаць, не пільнуючыся паслядоўнасці твора. Тыя мясціны, якія найбольш гатовы ў галаве, прадуманы, перажыты ўяўленнем — у канцы гэта або ў сярэдзіне кнігі, — а потым ужо кампанаваць іх, устаўляючы кожную на сваё месца». |
_________________
1 Франтыспі´с — малюнак перад першай старонкай кнігі на цотнай паласе.