Раман «Пошукі будучыні»
* Няздзейсненыя мары старэйшага пакалення. Тэма «скрадзенага дзяцінства» ў рамане
У творы закранаецца праблема будучыні, што выяўлена ў назве. Людзі шукаюць шчасце для сябе і сваіх дзяцей. Аднак як ні жадалі ў рамане бацькі шчаслівага лёсу для нашчадкаў, а ўсё роўна іх дзецям даводзілася трываць здзек і пакуты. Нявада, Сымон Ракуцька марылі пра тое, што ў іх дзяцей будзе добры лёс, але ўсё склалася па-іншаму.
У першай частцы рамана «Украдзенае маленства» вялікая ўвага аддадзена лёсу малых, у якіх вялікі злодзей (сімвал зла) адабраў дзяцінства. Нявада з цяжкасцю пазнаў сваю дачку Волечку, вярнуўшыся з вайны. Пазней ён да апошняга будзе імкнуцца ўратаваць ад новай навалы ўнучку Лізу.
Падлеткі Волечка і Кастусь увасабляюць найлепшыя чалавечыя якасці. І менавіта гэтыя героі «Пошукаў будучыні» — прадстаўнікі таго ж пакалення, да якога належаў сам Кузьма Чорны, на долю якога выпалі дзве вайны і распалавіньванне краіны. Ідэя рускага класіка Фёдара Дастаеўскага, што ніякая найвышэйшая гармонія не варта слязы на шчацэ дзіцяці, блізкая і нашаму таленавітаму празаіку.
Чорны стварыў у рамане вобразы сталых дзяцей: з аднаго боку, гэта яшчэ не дарослыя людзі, а з другога — не па гадах сур’ёзныя, вымушаныя праз знешнія абставіны стаць дарослымі. У аповедзе яскрава выяўляюцца адносіны да маленькіх герояў — напрыклад, шкадаванне да Волечкі: «Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты». Гора праследуе беларусаў пакаленне за пакаленнем. Цяжкія выпрабаванні давядзецца перажыць і Лізе — дачцэ Кастуся і Волечкі.
Сымон Ракуцька — персанаж, у якога забралі шчасце, магчымасць гадаваць дзяцей разам з жонкай. «Нехта злы і бязлітасны» скраў у Ракуцькі дзяцінства Тамаша ды Лізы, маладосць жонкі, бо «праз сям’ю» прайшла мяжа паміж Заходняй і Савецкай Беларуссю. Боль героя настолькі моцны, што ён спачатку нават не можа прызнацца дачцэ, якая ўжо вырасла «пад Польшчай», што з’яўляецца яе бацькам.
|