§ 30. Будаўнічыя чарцяжы. Паслядоўнасць чытання будаўнічых чарцяжоў
Будаўнічыя чарцяжы
Будынкі і збудаванні ўзводзяць па будаўнічых чарцяжах (рыс. 102).
Будаўнічыя чарцяжы падзяляюць на архітэктурна-будаўнічыя (чарцяжы жылых, грамадскіх і вытворчых будынкаў) і інжынерна-будаўнічыя (чарцяжы мастоў, чыгунак, пуцеправодаў і інш.). Паводле прызначэння будаўнічыя чарцяжы падзяляюць на чарцяжы будаўнічых вырабаў (чарцяжы саміх збудаванняў і асобных іх частак і дэталей) і будаўніча-мантажныя (чарцяжы, па якіх ажыццяўляюць зборку і ўзвя-дзенне збудаванняў).
Да пачатку будаўніцтва распрацоўваецца праектнае заданне. На падставе праектнага задання падрыхтоўваюцца наступныя дакументы: генеральны (галоўны) план будаўнічага ўчастка, план будынка, разрэзы і фасады. Будаўнічыя чарцяжы, як і машынабудаўнічыя, выконваюць метадам прамавугольнага праецыравання на асноўныя плоскасці праекцый. Аднак будаўнічыя чарцяжы маюць свае асаблівасці. Відарысам на будаўнічых чарцяжах прысвойваюцца наступныя назвы: выгляд спераду называюць галоўным фасадам; выгляд злева — тарцовым (бакавым) фасадам; выгляд зверху — планам даху; гарызантальны разрэз — планам паверху (рыс. 103). Над рысункамі робяць надпісы: «Фасад», «План першага паверху», «Разрэз» і г. д.
Генеральны план будаўнічага ўчастка — план мясцовасці, па якім можна меркаваць пра змяшчэнне будынка, які праектуецца, планіроўку самога ўчастка, зялёныя насаджэнні і г. д.
План будынка — разрэз будынка гарызантальнай плоскасцю на ўзроўні, крыху вышэйшым за падаконнік. Для шматпавярховага будынка планы выконваюць для кожнага паверха.
Разрэз — відарыс будынка, мысленна рассечанага вертыкальнай плоскасцю.
Фасад — відарыс знешняга боку будынка.