§ 27. Выкананне эскіза дэталі
Агульныя патрабаванні да эскізаў.
Дэталі выконваюць па чарцяжах. Канструктар пры складанні чарцяжоў звычайна не мае ні гатовых дэталей, ні наглядных відарысаў. Гэтыя дэталі ён канструюе, адлюстроўваючы на паперы ў першую чаргу іх форму. У працэсе канструявання якога-небудзь вырабу спачатку распрацоўваюць эскіз, які дае агульнае ўяўленне пра будову і прынцып работы вырабу, што праектуецца (рыс. 94). Звычайна эскіз служыць асновай для пабудовы рабочага чарцяжа вырабу. Часам дэталь можна вырабіць па эскізе, напрыклад пры рамонце абсталявання, калі неабходна замест зломанай дэталі вырабіць новую. У гэтым выпадку з натуральнай дэталі здыма-юць памеры для выканання эскіза.
Як вам ужо вядома, эскіз — гэта чарцёж, выкананы, як правіла, ад рукі (без ужывання чарцёжных інструментаў), з захаваннем прапорцый элементаў дэталі, а таксама ў адпаведнасці з усімі правіламі і ўмоўнасцямі, вызначанымі стандартамі (рыс. 94).
Прааналізуйце відарысы на рысунку а і б. Вызначыце, дзе адлюстраваны чарцёж, а дзе — эскіз вырабу. Устанавіце іх падабенства і адрозненне.
Правілы выканання эскізаў
- Эскізы павінны быць выкананы ў адпаведнасці са Стандартамі АСКД на чарцяжы.
- Лініі на эскізе павінны быць роўнымі і выразнымі. Надпісы выконваюцца чарцёжным шрыфтам.
- Выконваюць эскізы звычайна на паперы ў клетку. Сетка паперы дапамагае хутчэй праводзіць гарызантальныя і вертыкальныя лініі ад рукі, выконваць праекцыйную сувязь паміж выглядамі.
- Акружнасці і іх дугі трэба праводзіць тонкімі лініямі цыркулем з далейшай абводкай ад рукі.
Паслядоўнасць выканання эскіза. Прыступаючы да выканання эскіза, трэба захоўваць наступную паслядоўнасць: