§ 27. Выкананне эскіза дэталі

Уступ

Усе прадметы навакольнай рэчаіснасці, выкананыя чалавекам, называюць вырабамі. Большасць вырабаў ствараюць на розных прамысловых прадпрыемствах. У распрацоўцы і вырабе складанага прадмета прымаюць удзел розныя спецыялісты, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца патрабаваннямі ДАСТа. Стандартам ДАСТ 2.101-2016 АСКД. Віды вырабаў вызначана азначэнне вырабам, створаным вытворчым спосабом.

Выраб — гэта прадмет ці набор прадметаў вытворчасці, якія падлягаюць стварэнню ў арганізацыі (на прадпрыемстве) па канструктарскай дакументацыі.

Вырабамі могуць быць сродкі, машыны, агрэгаты, апараты, прыстасаванні, абсталяванні, прылады, механізмы і інш.
Устанаўліваюцца наступныя віды вырабаў: дэталі, зборачныя адзінкі, комплексы і камплекты. Асноўнымі відамі вырабаў з’яўляюцца дэталі і зборачныя адзінкі (вырабы, сабраныя з асобных дэталей).

Дэталь — гэты выраб, створаны з аднароднага па назве і марцы матэрыялу без ужывання зборачных аперацый, напрыклад болт, гайка, вал, літы корпус, рэйка, вугалок, швелер і інш.

Усе дэталі можна падзяліць на тры групы: стандартныя; падобныя па форме, але адрозныя па памерах; арыгінальныя (рыс. 93).