§ 25. Адлюстраванне і абазначэнне разьбы

Класіфікацыя разьбы, яе асноўныя элементы і параметры.

Разьбу адрозніваюць паводле размяшчэння, напрамку вінтавой лініі (правая, левая), профілю, прызначэння і інш. (рыс. 86). У залежнасці ад таго, дзе нарэзана разьба — на паверхні ці ў адтуліне, — адрозніваюць вонкавую і ўнутраную разьбу. Абрысы ўпадзін і выступаў утвараюць профіль разьбы.
У залежнасці ад формы профіля разьба падзяляецца на трохвугольную, трапецаідальную, прамавугольную, круглую і ўпорную.
 

Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, знайдзіце галіны ўжывання разьбы рознага профілю. 

Вылучаюць асноўныя элементы і параметры разьбы: вонкавы і ўнутраны дыяметры, шаг, вугал профілю (рыс. 87).
Вонкавы (знешні, намінальны) дыяметр разьбы D — дыяметр, апісаны каля разьбовай паверхні, які ўмоўна характарызуе памеры разьбы і выкарыстоўваецца пры яе абазначэнні.
Унутраны дыяметр разьбы d — дыяметр уяўнага прамога кругавога цыліндра, упісанага ў разьбовую паверхню.
Шаг разьбы P — адлегласць паміж паралельнымі старанамі ці вяршынямі двух віткоў, што ляжаць побач, вымераная ўздоўж восі разьбы.
Вугал профілю β — вугал паміж сумежнымі бакавымі старанамі профілю.

Таксама важным параметрам з’яўляецца даўжыня разьбы — даўжыня ўчастку паверхні, на якім утворана разьба.

Найбольшае распаўсюджванне ў машынабудаванні атрымала трохвугольная разьба. Яна падзяляецца на метрычную, цалёвую і трубную.
Трапецаідальная разьба ўжываецца ў вінтавых механізмах, хадавых вінтах станкоў, механізмах слясарных ціскоў і інш. Упорую разьбу выкарыстоўваюць пры вялікіх нагрузках у вінтах прэсаў, дамкратах і інш. Круглая разьба ўжываецца ў неспрыяльных умовах эксплуатацыі, а таксама ў танкасценных вырабах (цокалі і патроны электрычных лямп). Прамавугольная разьба, якая ўжывалася раней у вінтавых механізмах, у цяперашні час практычна цалкам заменена трапецаідальнай.