§ 17. Асноўныя палажэнні аксонаметрычнага праецыравання

Асноўныя палажэнні аксонаметрычнага праецыравання

Праецыраванне прадмета на плоскасці праекцый дае нам уяўленне пра форму самога прадмета толькі з аднаго боку. Каб атрымаць уяўленне пра форму прадмета ў цэлым, трэба прааналізаваць і параўнаць паміж сабой асобныя яго праекцыі. Прадмет можна спраецыраваць на плоскасць праекцый такім чынам, каб на створаным відарысе было відаць адразу некалькі яго бакоў. Атрыманы такім чынам відарыс называецца наглядным. Яго выкарыстоўваюць для рэалізацыі тэхнічнай задумы аўтара пры выкананні праектавання і канструяванні розных аб’ектаў (рыс. 53).
Для атрымання нагляднага відарыса прадмета выкарыстоўваюць аксонаметрычную праекцыю (рыс. 54).




Аксонаметрычная праекцыя — гэта відарыс, атрыманы пры паралельным праецыраванні прадмета разам з восямі прамавугольных каардынат на адвольную плоскасць.

Слова аксонаметрыя — грэчаскае. У перакладзе яно азначае «вымярэнне па восях» (аксон — вось, метрэа — вымяраю).

Прадмет, які праецыруецца, размяшчаюць адносна каардынатных восей х, у, z і разам з імі праецыруюць яго на адвольную плоскасць. Гэта плоскасць называецца плоскасцю аксонаметрычных праекцый. Праекцыі каардынатных восей называюцца аксонаметрычнымі восямі (гл. рыс. 54)

Віды аксонаметрычных праекцый. Аксонаметрычны відарыс прадмета атрымліваецца прамавугольным (а) і косавугольным (б) праецыраваннем.
Праецыруючыя прамені ў прамавугольнай аксонаметрычнай праекцыі перпендыкулярныя плоскасці праекцыі. Да прамавугольных аксонаметрычных праекцый належаць ізаметрычная і дыметрычная праекцыі.
Праецыруючыя прамені ў косавугольнай аксонаметрычнай праекцыі накіраваны пад вуглом да плоскасці праекцый. Да косавугольных аксонаметрычных праекцый належаць франтальная ізаметрычная, гарызантальная ізаметрычная і франтальная дыметрычная праекцыі.

Які від аксонаметрычнай праекцыі (прамавугольную ці косавугольную) вы будзеце выкарыстоўваць для нагляднага адлюстравання аб’екта? Свой выбар растлумачце.

Каэфіцыент скажэння. Усе віды аксонаметрычных праекцый характарызуюцца двума параметрамі: напрамкам аксонаметрычных восей і каэфіцыентамі скажэння па гэтых восях.

Каэфіцыент скажэння (k) — адносіны аксонаметрычнай адзінкі вымярэння да натуральнай.

У залежнасці ад размяшчэння каардынатных аксонаметрычных восей адносна аксонаметрычных праекцый атрымліваюцца розныя аксонаметрычныя праекцыі: прамавугольная ізаметрычная праекцыя (скарочана — ізаметрыя), прамавугольная дыметрычная праекцыя (ці дыметрыя), косавугольныя франтальная і гарызантальная ізаметрыя і франтальная дыметрыя.
Напрыклад, у прамавугольнай ізаметрычнай праекцыі аксонаметрычныя восі размяшчаюцца ў адносінах адна да адной пад вуглом 120°.
Каэфіцыенты скажэння розныя ў ізаметрычных і дыметрычных аксонаметрычных праекцыях. У ізаметрычнай праекцыі каэфіцыент (k) роўны адзінцы, г. зн. па восях х, y, z выконваюць праекцыю без скажэння. Дыметрычная праекцыя выконваецца з каэфіцыентам скажэння (k) па восі y, роўным 0,5, а па восях z і х — роўным адзінцы.

Растлумачце, у чым адрозненне ізаметрычнай праекцыі ад дыметрычнай. 

Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца прамавугольная ізаметрычная (прамавугольная ізаметрыя) і косавугольная франтальная дыметрычная (франтальная дыметрыя) праекцыі, у якіх аб’ект адлюстроўваецца ў трох праекцыях так, каб можна было добра ўбачыць яго форму з трох бакоў.

Спосабы пабудовы аксанаметрычных восяў. Пры пабудове аксанаметрычных восяў прамавугольнай ізаметрыі выкарыстоўваюць адзін з трох спосабаў.

Правілы пабудовы аксонаметрычных праекцый
1. Даўжыня адкладаецца па восі х, вышыня — па восі z, шырыня — па восі у.
2. Усе вымярэнні выконваюцца толькі па аксонаметрычных восях або прамых, паралельных ім.
3. Усе прамыя лініі, паралельныя адна адной або восям x, y, z, на комплексным чарцяжы ў аксонаметрычных праекцыях застануцца паралельнымі паміж сабой і адпаведным аксонаметрычным восям.

У пачатку 80-х гг. XX ст. у камп’ютарных гульнях стала актыўна ўжывацца ізаметрычная праекцыя. Гэта хуткая і эфектыўная сімуляцыя трохмернай прасторы, якая дае ілюзію глыбіні без вялікай колькасці дарагіх вылічэнняў. Раней большасць гульняў мелі выгляд зверху ці выгляд збоку. Першымі гульнямі, якія выкарыстоўвалі ізаметрыю, былі Zaxxon і Qbert. Зараз, нягледзячы на развіццё 3D-тэхналогій, гульні з ізаметрычным выглядам усё яшчэ вельмі папулярныя, асабліва ролевыя і стратэгіі.