* Лірычныя мініяцюры
Лірычныя мініяцюры
Першыя празаічныя вопыты ў літаратуры часта з’яўляюцца дзякуючы паэтам, бо крыніцай для мініяцюр становіцца паэтычная вобразнасць. Нараджэнне прозы можа быць звязана і з пашырэннем тэматыкі — ад нашаніўскага ўвасаблення пакутлівай працы селяніна, яго гаротнага лёсу да інтэлігенцкай паэтызацыі прыроды, эстэтызацыі навакольнага асяроддзя, медытатыўнасці ў сузіранні жыцця.
Фарміраванне беларускай нацыянальнай прозы адбывалася ў пачатку ХХ стагоддзя на фоне росквіту мадэрнізму і авангардызму, таму першыя вопыты ў эпічным родзе літаратуры маюць адзнакі названых плыняў. Так, з абразкоў, імпрэсій, сіла якіх абуджала чалавечае ўяўленне, пачалася творчасць Змітрака Бядулі-празаіка. Асаблівая роля ў яго мініяцюрах адведзена паэтызацыі прыроды, а менавіта неба, лесу і зямлі.
Паназіраем, як у абразках пісьменніка спалучыліся яго творчая індывідуальнасць і асаблівасці літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя.
Звернемся да мініяцюры «Плач пралескаў». У ёй адначасова назіраюцца паэтычная вобразнасць, эмацыянальнасць, пачуццёвасць, асацыятыўнасць, размытасць фарбаў, рытмічныя паўторы. І пры гэтым – празаічная дэталізацыя ў паказе вясковай раніцы, ледзь акрэслены сюжэт гісторыі кахання, рэалістычныя карціны штодзённага побыту, якія чытачу паказаны то зблізку, як на макраздымках, то здалёк, панарамна, размыта: «Месцамі на лагчынах лядок стаяў, месцамі траўкі зазелянеліся...» (блізка); «Палала зарніца над бярэзнікам. У вёсцы з закураных каміноў круціўся ўверх, быццам кудзеля, белы дым — гаспадыні сняданне рыхтавалі» (далёка); «Выйшла дзяўчына першы раз босая ў чыстае поле; убачыла, як пралескі слёзы льюць, ды сама заплакала»; «Абхапіла рукамі бярозку маладую ды абамлела разам з ёй...» (блізка).
Абразок мае абрамленне-паўтор «плакалі пралескі, дзеці вясны», якое пераклікаецца з асноўнай гісторыяй пра нешчаслівы шлюб, тугу дзяўчыны па загубленай маладосці, якая «ўбачыла, як пралескі слёзы льюць, ды сама заплакала». І хоць сюжэт пазначаны ледзь бачнымі штрыхамі, запаралелены з вобразам пралесак, у ім дакладна выяўлены і драматызм сітуацыі, і эмацыянальная напружанасць, і гранічны лірызм. Фальклорны матыў размовы нешчаслівай маладой жанчыны з бярозай як адзінай жывой істотай, якая падзяляе яе гора, можна сустрэць не толькі ў Бядулі, але і ў Ядвігіна Ш. у апавяданні «Бярозка».
Слоўнае мастацтва дазваляе пісьменніку перадаць няўлоўныя нюансы колераў, эмацыянальных адценняў, тонкія рухі душы, зачараванне імгнення. Гэту ўласцівасць стылю Бядулі Іван Навуменка назваў тэхнікай «акварэльнага пісьма». І ёй «Плач пралескаў» вельмі блізкі да твораў імпрэсіянізму.
Як і ў паэзіі, у абразку ёсць лірычны герой — асоба рамантычная, захопленая, натхнёная краявідамі роднай зямлі. Можна заўважыць у тэксце песенныя нараканні, як у вясельнай абрадавай паэзіі («Ой, …за нямілага замуж выдаюць!», «Ой, пагубіла я леты маладыя…»), сінанімію («плакалі», «лілі слёзы»). Мова твора багатая на выяўленчыя сродкі: сустракаюцца эпітэты («кволых пялёстках», «закураных каміноў», сталы эпітэт «леты маладыя»), параўнанне («быццам кудзеля, белы дым»), перыфраза («ад маладзіка да ветаха», гэта значыць, на працягу месяца), словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі («сонейка», «траўкі», «бярозка»), антытэзы (неба, сонейка — чорная зямля) — і верыцца, што аўтар сапраўды можа «ператлумачыць усе гэтыя дзіўныя малюнкі» чытачу.
Быццам праз цьмянае люстра прасвечваюць карціны і вобразы з «Плачу пралескаў» у маніяцюры «Нібы рупны араты» — і там, і там завіхаецца на золку рупны араты, халадзеюць лагчыны, бялее бярэзнік, распальваецца чырвань зарніцы, бялее месяц, здалёк відаць вёску. І там, і там мы бачым чатыры асноўныя колеры — белы, чырвоны, чорны, зялёны. Але імпрэсія «Нібы рупны араты» больш філасафічная, медытатыўная, лаканічная, бліжэйшая да пейзажнай лірыкі: «Пад белым морам туману дрыжыць густы хвойнік на лагчыне. Над рэчкай месяц бляднее. Галавешкі начлежнага вогнішча яшчэ смаляцца пад сухім карчом. Бярэзнік ахоплен чырвоным морам усходняй зарніцы. Вароны пачалі крычаць і крыліцца над зялёнай елкай. Канюшына смачна запахла, і ў вёсцы вароты заскрыпелі...»
Аўтар праз паралелі са светам прыроды перадае душэўныя пакуты героя, які мучыцца бяссоннымі думамі, што «абхапілі яго сэрца», і як радасць і палёгку ўспрымае досвітак, цяпло новага дня.
Тэкст здаецца маналітным, цэласным праз маналагічнасць выказвання. Паэтызацыі жыцця служаць і наватвор «крыліцца», і аўтарскія параўнанні («думы, быццам калючыя шышкі, як непатрэбныя атопкі»). Мова твора дасканалая, нават вытанчаная, інтэлігенцкая, нягледзячы на паэтызацыю сялянскай працы.