Печатать книгуПечатать книгу

* Лірычныя мініяцюры

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: * Лірычныя мініяцюры
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 20:20

Лірычныя мініяцюры

Першыя празаічныя вопыты ў літаратуры часта з’яўляюцца дзякуючы паэтам, бо крыніцай для мініяцюр становіцца паэтычная вобразнасць. Нараджэнне прозы можа быць звязана і з пашырэннем тэматыкі — ад нашаніўскага ўвасаблення пакутлівай працы селяніна, яго гаротнага лёсу да інтэлігенцкай паэтызацыі прыроды, эстэтызацыі навакольнага асяроддзя, медытатыўнасці ў сузіранні жыцця.

Фарміраванне беларускай нацыянальнай прозы адбывалася ў пачатку ХХ стагоддзя на фоне росквіту мадэрнізму і авангардызму, таму першыя вопыты ў эпічным родзе літаратуры маюць адзнакі названых плыняў. Так, з абразкоў, імпрэсій, сіла якіх абуджала чалавечае ўяўленне, пачалася творчасць Змітрака Бядулі-празаіка. Асаблівая роля ў яго мініяцюрах адведзена паэтызацыі прыроды, а менавіта неба, лесу і зямлі.

Паназіраем, як у абразках пісьменніка спалучыліся яго творчая індывідуальнасць і асаблівасці літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя.

Звернемся да мініяцюры «Плач пралескаў». У ёй адначасова назіраюцца паэтычная вобразнасць, эмацыянальнасць, пачуццёвасць, асацыятыўнасць, размытасць фарбаў, рытмічныя паўторы. І пры гэтым – празаічная дэталізацыя ў паказе вясковай раніцы, ледзь акрэслены сюжэт гісторыі кахання, рэалістычныя карціны штодзённага побыту, якія чытачу паказаны то зблізку, як на макраздымках, то здалёк, панарамна, размыта: «Месцамі на лагчынах лядок стаяў, месцамі траўкі зазелянеліся...» (блізка); «Палала зарніца над бярэзнікам. У вёсцы з закураных каміноў круціўся ўверх, быццам кудзеля, белы дым — гаспадыні сняданне рыхтавалі» (далёка); «Выйшла дзяўчына першы раз босая ў чыстае поле; убачыла, як пралескі слёзы льюць, ды сама заплакала»; «Абхапіла рукамі бярозку маладую ды абамлела разам з ёй...» (блізка).

Абразок мае абрамленне-паўтор «плакалі пралескі, дзеці вясны», якое  пераклікаецца з асноўнай гісторыяй пра нешчаслівы шлюб, тугу дзяўчыны па загубленай маладосці, якая «ўбачыла, як пралескі слёзы льюць, ды сама заплакала». І хоць сюжэт пазначаны ледзь бачнымі штрыхамі, запаралелены з вобразам пралесак, у ім дакладна выяўлены і драматызм сітуацыі, і эмацыянальная напружанасць, і гранічны лірызм. Фальклорны матыў размовы нешчаслівай маладой жанчыны з бярозай як адзінай жывой істотай, якая падзяляе яе гора, можна сустрэць не толькі ў Бядулі, але і ў Ядвігіна Ш. у апавяданні «Бярозка».

Слоўнае мастацтва дазваляе пісьменніку перадаць няўлоўныя нюансы колераў, эмацыянальных адценняў, тонкія рухі душы, зачараванне імгнення. Гэту ўласцівасць стылю Бядулі Іван Навуменка назваў тэхнікай «акварэльнага пісьма». І ёй «Плач пралескаў» вельмі блізкі да твораў імпрэсіянізму.

Як і ў паэзіі, у абразку ёсць лірычны герой — асоба рамантычная, захопленая, натхнёная краявідамі роднай зямлі. Можна заўважыць у тэксце песенныя нараканні, як у вясельнай абрадавай паэзіі («Ой, …за нямілага замуж выдаюць!», «Ой, пагубіла я леты маладыя…»), сінанімію («плакалі», «лілі слёзы»). Мова твора багатая на выяўленчыя сродкі: сустракаюцца эпітэты («кволых пялёстках», «закураных каміноў», сталы эпітэт «леты маладыя»), параўнанне («быццам кудзеля, белы дым»), перыфраза («ад маладзіка да ветаха», гэта значыць, на працягу месяца), словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі («сонейка», «траўкі», «бярозка»), антытэзы (неба, сонейка — чорная зямля) — і верыцца, што аўтар сапраўды можа «ператлумачыць усе гэтыя дзіўныя малюнкі» чытачу.

Быццам праз цьмянае люстра прасвечваюць карціны і вобразы з «Плачу пралескаў» у маніяцюры «Нібы рупны араты» — і там, і там завіхаецца на золку рупны араты, халадзеюць лагчыны, бялее бярэзнік, распальваецца чырвань зарніцы, бялее месяц, здалёк відаць вёску. І там, і там мы бачым чатыры асноўныя колеры — белы, чырвоны, чорны, зялёны. Але імпрэсія «Нібы рупны араты» больш філасафічная, медытатыўная, лаканічная, бліжэйшая да пейзажнай лірыкі: «Пад белым морам туману дрыжыць густы хвойнік на лагчыне. Над рэчкай месяц бляднее. Галавешкі начлежнага вогнішча яшчэ смаляцца пад сухім карчом. Бярэзнік ахоплен чырвоным морам усходняй зарніцы. Вароны пачалі крычаць і крыліцца над зялёнай елкай. Канюшына смачна запахла, і ў вёсцы вароты заскрыпелі...»

Аўтар праз паралелі са светам прыроды перадае душэўныя пакуты героя, які мучыцца бяссоннымі думамі, што «абхапілі яго сэрца», і як радасць і палёгку ўспрымае досвітак, цяпло новага дня.

Тэкст здаецца маналітным, цэласным праз маналагічнасць выказвання. Паэтызацыі жыцця служаць і наватвор «крыліцца», і аўтарскія параўнанні («думы, быццам калючыя шышкі, як непатрэбныя атопкі»). Мова твора дасканалая, нават вытанчаная, інтэлігенцкая, нягледзячы на паэтызацыю сялянскай працы.

Пытанні

 1. На розум або на пачуцці ўздзейнічаюць імпрэсіі Змітрака Бядулі?
Абгрунтуйце адказ.
2. Якія пачуцці перажывае лірычны герой яго твораў?
3. Адзначце ролю ў арганізацыі тэксту «Плач пралескаў» сінтаксічных сродкаў выразнасці (паўтораў, інверсіі).
Яны набліжаюць твор да паэзіі або прозы? 
4. Падзяліце абразок «Нібы рупны араты» на часткі.
Як паводле частак можна супаставіць стан прыроды і лірычнага героя? 
5. Якія адчуванні пераважаюць у абразку «Нібы рупны араты» (зрокавыя, тэмпературныя, цялесныя, паху, руху, смаку)? 
6. З дапамогай якіх мастацкіх сродкаў аўтар дасягае дакладнай перадачы ўнутранага стану героя ў абразках? 

7. Адшукайце ў інтэрнэце кампазіцыю імпрэсіяніста Клода Дэбюсі «Месячнае святло» і рэпрадукцыі твораў беларускага мастака-імпрэсіяніста Леаніда Афрэмава. У чым іх падабенства да мініяцюр Бядулі?